Судовыя выканаўцы пагражаюць Анатолю Лябедзьку

У лідара Аб'яднанай грамадзянскай партыі могуць апісаць і канфіскаваць маёмасць.

23.04.2013 / 12:23

Анатоль Лябедзька атрымаў паведамленне з суда Цэнтральнага раёна Мінска аб тым, што павінен неадкладна аплаціць штраф, накладзены на яго судом Савецкага раёна за раздачу інфармацыйных матэрыялаў на тэму наменклатурнай прыватызацыі. У адваротным выпадку суд пагражае запусціць працэдуру канфіскацыі маёмасці, паведамляе прэс-служба АГП.

Вось як каментуе сітуацыю сам Анатоль Лябедзька:

«Я знаходжуся ў рэжыме пінг-понга з судовымі інстанцыямі. Цяпер выходзім на ўзровень Вярхоўнага суда. Пакуль я не прайду ўвесь гэты ланцужок, судовым выканаўцам давядзецца набірацца цярпення. І мая канчатковая мэта - Камітэт па правах чалавека ААН. Я, вядома, не прызнаю сваёй віны і ў доказ ужо выходзіў на прахадную трактарнага завода, дзе разам са сваімі калегамі раздаваў бюлетэнь «Голас розуму». І такія паходы ў народ з раздачай інфармацыі з рук у рукі будуць працягнутыя! Бо ўлада ва ўмовах эканамічнага і сацыяльнага крызісу больш за ўсё баіцца камунікацый сваіх апанентаў з людзьмі».

Нагадаем, раней старшыня Мінскага гарадскога суда адмовіў лідару АГП у скасаванні штрафу за раздачу ўлётак.