Бацька і сын хацелі завалодаць Дзяржынскай ЖКГ

У Дзяржынску распачатая крымінальная справа ў дачыненні да галоўнага інжынера УП «Дзяржынская ЖКГ» і яго сына, які працуе галоўным інжынерам у падраднай арганізацыі ТАА «Смартбіз».

23.04.2013 / 13:04

Як адзначаюць следчыя, такая карупцыйная схема даволі распаўсюджаная ў Беларусі. Вельмі часта службовыя асобы дзяржпрадпрыемстваў завязваюць цесныя адносіны з камерцыйнымі падраднымі арганізацыямі, дзе балем кіруюць іх найбліжэйшыя сваякі. На ўзроўні сваякоў заўсёды прасцей дамовіцца пра адкаты, завышэнне кошту работ, атрыманне выгаднага заказу ў абыход конкурсных працэдур.

Паводле дадзеных следства, галоўны інжынер УП «Дзяржынская ЖКГ» па змове са сваім сынам, галоўным інжынерам ТАА «Смартбіз», з мая па жнівень 2012 г. спрабаваў здзейсніць крадзеж сродкаў ЖКГ у памеры 109 млн рублёў.

Крадзеж быў арганізаваны ў рамках рэалізацыі інвестыцыйнай праграмы Мінскай вобласці па мадэрнізацыі цеплавых сетак на 2012 год. Па дамове з УП «Дзяржынская ЖКГ» кампанія «Смартбіз» рабіла замену цеплавой сеткі з цеплавой мадэрнізацыяй па вуліцы Пратасава ў Дзяржынску. Дамовіўшыся паміж сабой, бацька і сын завысілі рэальна выкананыя аб'ёмы работ, адлюстраваныя ў трох актах, якія бакі і падпісалі. У выніку такой простай аперацыі ў выгадзе аказваліся практычна ўсе, акрамя карыстальнікаў паслуг ЖКГ.

Аднак завяршыць крадзеж падазраваным не ўдалося, бо ў сітуацыю ўмяшаліся праваахоўныя органы Дзяржынска, і пералік сродкаў прыпынілі. Дзеянні бацькі і сына далі падставу інкрымінаваць ім здзяйсненне злачынства па ч.1 арт.14, ч.4 арт.210 Крымінальнага кодэкса Беларусі (замах на крадзеж сродкаў шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейснены арганізаванай групай па папярэдняй змове).

Цяпер следчыя спрабуюць высветліць не толькі абставіны супрацьзаконнай дзейнасці, але і ўсіх іншых кантрактаў камунальнікаў з названай камерцыйнай арганізацыяй.

Расследаванне працягваецца.