Зацверджаны пералік з 49 найважнейшых інвестпраектаў на 2013 год

26.04.2013 / 10:51

У Беларусі зацверджаны пералік найважнейшых інвестыцыйных праектаў, прадугледжаных да рэалізацыі ў 2013 годзе. Адпаведная пастанова № 310 прынята Саветам міністраў 24 красавіка.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, у пералік уключаны 49 інвестпраектаў агульным коштам амаль 9 трлн. рублёў.

У іх ліку — стварэнне магутнасцяў і павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці і рэалізацыі кар’ерных самазвалаў грузападымальнасцю 90–450 т у ААТ «БелАЗ» — кампанія-кіраўнік холдынга «БелАЗ-Холдынг». На гэтыя мэты ў 2013 годзе павінна быць выдзелена 205,9 млрд. рублёў унутраных і 358 млрд. рублёў знешніх інвестыцый.

На вытворчасць высокадакладнага высокатрывалага чыгуннага ліцця ў холдынгу «Мінскі маторны завод», якая будзе створана да 2017 года, сёлета накіруюць 91,6 млрд. рублёў унутраных сродкаў, у тым ліку крэдытных.

У ААТ «БМЗ» — кампанія-кіраўнік холдынга «Беларуская металургічная кампанія» будуюць дробнагатунковы драцяны стан. Аб’ём фінансавання ў 2013 годзе складзе 2,1 трлн. рублёў унутраных і знешніх рэсурсаў.

На абнаўленне рухомага саставу Беларускай чыгункі ў 2013 годзе спатрэбіцца 2,572 трлн. рублёў.

Кантроль за выкананнем гэтай пастановы ўскладзены на намеснікаў прэм’ер-міністра Беларусі па кірунках, якія яны курыруюць. Прызначаны таксама адказныя за выкананне праектаў з ліку прадстаўнікоў міністэрстваў, канцэрнаў, аблвыканкамаў.

У двухмесячны тэрмін будзе падрыхтаваны і ўнесены ў Савет міністраў праект нарматыўнага прававога акта аб кампенсацыі ў 2013 годзе юрыдычным асобам, якія ўключаны ў пералік і рэалізуюць інвестыцыйныя праекты на ўмовах конкурснага размяшчэння, часткі працэнтаў за карыстанне банкаўскімі крэдытамі.