«Мінскрэклама» выкарыстала чужы дызайн для афармлення стэнда Мінгарвыканкама на TIBO-2013

26.04.2013 / 12:50

Стэнд Мінгарвыканкама на TIBO-2013 (злева) і арыгінальная выява ратушы, распрацаваная студыяй «Ліхтар».

Магніты ад студыі «Ліхтар». Сілуэты Траецкага прадмесця, сабора Святога Духа, мінскай ратушы і абеліска Перамогі супадаюць з выкарыстанымі Мінгарвыканкамам. Фота з Facebook.

На выставе TIBO-2013 Мінгарвыканкам прадставіў свой стэнд, аздоблены пазнавальнымі сілуэтамі мінскіх помнікаў архітэктуры. Дызайн некаторых цалкам супадае з выявамі на сувенірах, якія выпускае мінскае дызайн-агенцтва «Ліхтар».

«На стэндзе выкарысталі чатыры элементы дызайну, распрацаваныя нашай студыяй. Гэта сілуэты Траецкага прадмесця, сабора Святога Духа, мінскай ратушы і абеліска на плошчы Перамогі.
А вось, напрыклад, мінская брама ўжо не наша», — паведаміла карэспандэнту «НН» прадстаўніца студыі «Ліхтіар» Ірына Злобіна.
Паводле Злобінай, ніхто з прадстаўнікоў Мінгарвыканкама не звязваўся са студыяй для абмеркавання магчымага выкарыстання дызайну «Ліхтара» на стэндах.

«Мы патэлефанавалі ў Мінгарвыканкам, дзе нам паведамілі, што распрацоўкай і вырабам стэндаў займалася камунальнае вытворчае унітарнае прадпрыемства „Мінскрэклама“. Але ў цэнтры інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама да нашай скаргі аднесліся добра, паабяцалі дапамагчы ў вырашэнні гэтай праблемы. Сёння мы накіруем афіцыйную скаргу ў „Мінскрэкламу“», — расказала Злобіна.

У «Мінскрэкламе» даваць каментары адмовіліся. Супрацоўніца вытворча дыспетчарскага аддзела паведаміла «НН», што «ў першы раз чуе пра такія прэтэнзіі».

«Увогуле, распрацоўкая займаўся дызайнер, а я інжынерка», — сказала яна. Аднак перадаць слухаўку дызайнеру стэнда Мінгарвыканкама яна таксама адмовілася, бо «не бачыла ў гэтым сэнсу».

«Калі б Мінгарвыканкам звярнуўся да нас па дазвол на выкарыстанне дызайну, мы б правялі перамовы. Аднак невядома, ці перадалі б мы права выкарыстоўваць нашы распрацоўкі.

Аб гэтым нас ужо прасіў шэраг камерцыйных і грамадскіх арганізацый, але мы ўсім адмовілі. Мы жадаем, каб дызайн „Ліхтара“ атаясамліваўся не толькі з Мінскам, але і з самой дызайн-студыяй», — падсумавала Ірына Злобіна.

Кірыла Хілько