Саннікаў сустрэўся з Байдэнам і Макейнам

28.04.2013 / 18:06

Нефармальны форум меў свой працяг на ранча Макейна.

Нефармальны форум меў свой працяг на ранча Макейна.

Як паведаміў палітык-эмігрант у сваім Фэйсбуку, сустрэча адбылася ў кулуарах форуму «Як мы можам эфектыўна падтрымаць свабоду і дэмакратыю?». Саннікава запрасіў туды экс-кандыдат у прэзідэнты ЗША сенатар Джон Макейн. Форум адбыўся ў штаце Арызона, ад якога Макейн абіраецца ў сенат.

«Без гальштукаў абмеркавалі Беларусь з віцэ-прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам і сэнатарам Макейнам», — напісаў у Фэйсбуку Саннікаў.

Саннікаў быў папулярным кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2010 года. Быў арыштаваны за Плошчу і адседзеў паўтара года ў турме. Пасля вызвалення выехаў у Брытанію.

У апошнія месяцы Андрэй Саннікаў вярнуўся да актыўнай дзейнасці.

Як паведаміў лідар «Еўрапейскай Беларусі» сайту charter97.org, віцэ-прэзідэнт Джа Байдэн і сенатар Джон Макейн прасілі перадаць сваю падтрымку беларускаму народу.

Віцэ-прэзідэнт Байдэн адзначыў, што «ЗША падтрымліваюць змагароў за свабоду ў Беларусі і займаюць у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі прынцыповую пазіцыю. Ніякага прагрэсу ў Беларусі ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека не адзначана, наадварот, сітуацыя толькі пагоршала. Таму пазіцыя ЗША застаецца нязменнай».

На мінулым тыдні міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей перадаў часоваму паверанаму ў справах ЗША ў Беларусі пасланне дзяржсакратару ЗША, у якім былі выказаны меркаванні наконт будучыні беларуска-амерыканскіх адносін.
Пакуль міністры пішуць лісты, былыя палітвязні сустракаюцца.

Мікола Бугай, інф. Charter97.org