Арэндную плату для Таварыства беларускай мовы павысілі на 60%

ТБМ звярнулася па дапамогу.

02.05.2013 / 09:26

Вось тэкст звароту.

«Паважаныя сябры і прыхільнікі роднай беларускай мовы! Да Вас звяртаецца сакратарыят ТБМ з просьбаю аб дапамозе.

Паводле новага Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, з 1 красавіка гэтага года кошт арэнды за сядзібу ТБМ павысіўся на 60% і дасягнуў 9 мільёнаў 801 тысяча 600 руб. у месяц. Акрамя таго, мы мусім аплачваць тэлефон, камунальныя і паштовыя паслугі.

Нягледзячы на шматлікія звароты грамадзян Беларусі ў Адміністрацыю і Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта з просьбай пакінуць для ТБМ ільготны кошт арэнды, мы не атрымалі станоўчага адказу.

Для таго, каб утрымаць сядзібу арганізацыі ў Мінску ў гэтых умовах, нам неабходна штомесяц збіраць 10 мільёнаў беларускіх рублёў у выглядзе ахвяраванняў і складак сяброў і прыхільнікаў ТБМ. Калі пяць тысяч прыхільнікаў роднай мовы ахвяруюць штомесяц усяго дзве тысячы рублёў, наша арганізацыя не загіне і ў каторы раз прадэманструе сённяшняй уладзе сваю годнасць. Імёны асобаў, якія ахвяруюць пасільныя сродкі на падтрымку дзейнасці ТБМ, будуць надрукаваныя ў газеце "Наша слова", што стане гістарычным сведчаннем змагання грамадзян за права «людзьмі звацца».

Мы просім беларускіх журналістаў праявіць салідарнасць і давесці наш заклік да грамадзян Беларусі.

Рахунак ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" №3015741233011 ў аддзяленні №539 ААТ "Белінвестбанка", код 739. УНП 100129705».

Зварот прыняты на пасяджэнні сакратарыята ТБМ 25 красавіка 2013 г.