Лукашэнка загадаў пакараць дактароў «Экамедсервіса», а цэнтр перадаць Мінздароўя

03.05.2013 / 13:03

У сувязі з трагічным выпадкам з пацыенткай медыцынскага цэнтра «Экамедсэрвіс» Аляксандр Лукашэнка даручыў вызваліць ад займаных пасадаў усіх вінаватых медработнікаў і адміністрацыйны персанал цэнтра, а таксама ўжыць да іх меры стрымання ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Лукашэнка даручыў таксама Міністэрству аховы здароўя ўзяць пад кантроль і кіраванне медыцынскім цэнтрам «Экамедсэрвіс».

Будучыня гэтай камерцыйнай арганізацыі будзе вызначана ў бліжэйшы час.

Камітэту дзяржкантролю даручана праверыць фінансава-гаспадарчую дзейнасць цэнтра, а Следчаму камітэту забяспечыць прыняцце самых жорсткіх мер пакарання да вінаватых, паведамляе БелТА.

Як паведамлялася раней, у канцы сакавіка ў медыцынскім цэнтры была зроблена аперацыя па рынапластыцы 23-гадовай жыхарцы Гродна Юліі Кубаравай.

Пасля аперацыі пацыентка ўпала ў кому і не выходзіла з гэтага стану прыкладна месяц. Так і не прыйшоўшы ў прытомнасць, Юлія памерла 23 красавіка ў 4-й клінічнай бальніцы Мінска. Праваахоўныя органы праводзяць праверку па факце смерці.

***

«Экамедсэрвіс» — адна з самых прэстыжных прыватных клінік у Мінску. Яна месціцца на вуліцы Талстога, каля вакзала. Спецыялізуецца на паслугах пластычнай хірургіі, стаматалогіі, дыягностыкі. У інтэрнэце сцвярджалася, што ўдзел у гэтым бізнэсе мае Уладзімір Пефціеў, былы ўласнік «Белтэхэкспарта» і чалавек, які трапіў пад санкцыі Еўрасаюза як магчымы фінансіст Аляксандра Лукашэнкі.

* * *

СТАА “Экамедсэрвіс” адкрыўся ў 1997 годзе, але тады ён называўся трошкі па-іншаму: ТАА “Экамедсэрвіс-Інвест”. Заяўляецца, што ў прадпрыемстве ўдзельнічае амерыканскі капітал, аднак дакладны інвестар з ЗША невядомы.

У 2005 годзе Міністэрства аховы здароўя пазбавіла “Экамедсэрвіс” разам з “Нардзінам” ліцэнзіі на медыцынскую дзейнасць праз грубыя парушэнні. Хадзілі чуткі, што дзяржава зрабіла такі захад, каб атрымаць частку акцый медцэнтра, аднак кіраўніцтва “Экамедсэрвіса” абвергла гэтую інфармацыю.

У 2005 годзе “Экамедсэрвіс” пабудаваў пяціпавярховы цэнтр на вуліцы Таўстога агульнаю плошчай у 5 000 кв. м.

nn.by