Скандынаўская прэса пра бел-чырвона-белы сцяг: «Дыктатар забараніў»
06.05.2013 / 08:30
Найбольшыя газеты Скандынавіі звярнулі ўвагу на скандал на хакейным чэмпіянаце. Арганізатары турніру з падачы беларускіх уладаў запатрабавалі ад фанатаў беларускай каманды не ўжываць бел-чырвона-белых сцягоў. Падстава – нельга займацца палітычнай прапагандай на спартовых імпрэзах.
Прэса піша пра гэтую кантраверсію з яўнай сімпатыяй да фанатаў і крытычна адносна Федэрацыі хакея. Аляксандр Лукашэнку газеты называюць «дыктатарам», ад гэтай гісторыі ён атрымаў антыпіяр.
«Беларускі дыктатор паставіў забарону на традыцыйны бел-чырвона-белы сцяг», — піша самая ўплывовая газета Нарвегіі Aftenposten.
«Даўнішні сцяг Беларусі забаронены дыктатарам Аляксандрам Лукашэнкам. І арганізатарамі Чэмпіянату свету па хакеі, — паведамляе папулярная шведская «Дагенс нюхетэр». — Цяпер планы беларускіх фанатаў звязаны з гульнёй супраць Трэ крунур у панядзелак».
«Хакейная федэрацыя некрытычна выконвае пажаданні дыктатара», — цытуе газета праваабаронцу Ізабэлу Сомэрфэльд.