Украіна забараніла ўвоз мяса з Беларусі — з-за рызыкі афрыканскай чумы

07.05.2013 / 16:03

Украіна часова забараніла ўвоз з Беларусі свініны, а таксама мяса жывёлаў, адчувальных да захворвання афрыканскай чумой, прадукцыі і сыравіны з іх. Адпаведнае паведамленне з’явілася 7 мая на сайце Дзяржаўнай ветэрынарнай і фітасанітарнай службы Украіны.

«У сувязі са з'яўленнем у сродках масавай інфармацыі паведамленняў аб гібелі жывёл у Баранавіцкім раёне Рэспублікі Беларусь і падазрэннем узнікнення афрыканскай чумы свіней, распараджэннем намесніка галоўнага дзяржаўнага інспектара ветэрынарнай медыцыны часова забараняецца ўвоз з гэтай краіны ва Украіну адчувальных да гэтага захворвання жывёл, прадукцыі і сыравіны з іх», — гаворыцца ў паведамленні.

Нагадаем, што ў пачатку месяца ў прэсе з’явіліся паведамленні пра масавы мор свіней на свінакомплексе «Усходні», што ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці.

Звесткі, атрыманыя журналістамі ад мясцовых жыхароў і чыноўнікаў, адрозніваліся. Паводле афіцыйнай версіі, нічога надзвычайнага на комплексе не адбываецца. Мясцовыя жыхары, а таксама шараговыя супрацоўнікі «Усходняга» сцвярджаюць пра гібель тысяч галоў свіней.

У лютым 2012 года на Гродзеншчыне быў праведзены масавы забой свіней, які потым патлумачылі вучэннямі па барацьбе з афрыканскай чумой.

nn.by