Пасажырскі беспілотнік здзейсніў першы палёт

13.05.2013 / 13:32

У Вялікабрытаніі прайшлі першыя выпрабаванні беспілотнага пасажырскага авіялайнера, які ў палёце кіраваўся толькі сігналамі наземных службаў.

Рэгіянальны самалёт British Aerospace Jetstream у красавіку здзейсніў пералёт з графства Ланкашыр у Шатландыю і назад. На працягу ўсяго шляху, які склаў 800 кіламетраў, самалёт здзяйсняў манеўры аўтаномна, кіруючыся камандамі з зямлі. Пілот на борце браў на сябе кіраванне толькі падчас ўзлёту, набору вышыні, зніжэння і пасадкі.

Сістэма кіравання, якая праходзіла выпрабаванні падчас палёту, значна пераўзыходзіць па сваіх магчымасцях аўтапілот, які выкарыстоўваецца на рэгулярных пасажырскіх рэйсах. Адным з галоўных яе адрозненняў з'яўляецца механізм выяўлення паветраных перашкод і сыходу ад сутыкнення.