Лесбійскі перформанс, Black Sabbath і хіпстары: другі паўфінал Еўрабачання

А хто з выступоўцаў спадабаўся вам?

16.05.2013 / 22:00

Пацалунак ад Фінляндыі

Такім чынам у фінале з Алёнай Ланской, Эмілі дэ Форэст і астатнімі сустрэнуцца: Венгрыя, Азербайджан, Грузія, Румынія, Нарвегія, Ісландыя, Арменія, Фінляндыя, Мальта і Грэцыя. Усе цікавыя нумары ў фінал трапілі, на фінскі перформанс мы яшчэ раз паглядзім, яшчэ раз паслухаем Аёмі. А вось за што журы так палюбіла румынскага спевака — для аўтара страшны сакрэт.

У Мальмё пачынаецца другі паўфінал Еўрабачання — тут няма ні Ланской, ні Украіны, ні ну хаця б Расіі. Аднак мы з вамі, як і дзень таму, паглядзім і абмяркуем пабачанае разам. Тым больш у нашай сённяшняй праграме: ёсць гітарыст Black Sabbath, прэтэндэнты на Нобелеўскую прэмію, лесбійскія перформансы і нават хіпстары.

Латвія.

PeR — Here We Go

Латышы смяюцца, што на фоне літоўцаў яны сёлета выглядаюць выдатна. Даўно не было на сцэне Еўропы некага з клавішамі-«грэбнем». Калі б савецкая ўлада не скончылася на пачатку 90-х, так бы выглядала савецкая музыка «на экспарт» — поп з элементамі хіп-хопа і бліскучымі касцюмамі.

Сан-Марына

Валянціна Манэта — Crisalide/Vola

Спявачка ўжо выступала на Еўрабачанні ў 2012 годзе — тады яна спявала песню пра Фэйсбук, якую забракавалі арганізатары, бо рэклама (зразумела, што без творчасці Валянціны Манэты, хто б пра той Фэйсбук ведаў), тады песню перапісалі пад бяскрыўдныя «сацыяльныя сеткі». Сёлета Манэта прыехалаў Мальмё з італьянскай эстраднай песняй. Ці варта тут разважаць пра яе шанцы?

Македонія

Влатко Лазаноскі, Эсма Рэджэпава — Pred da se razdeni

Спадарыня Рэджэпава двойчы намінавалася на Нобелеўскую прэмію міру, запісалася для саўндтрэка фільма «Борат» і, калі верыць каментатарам, мае 47 прыёмных дзяцей. Сваю частку песні Эсма спявае па-цыганску. Песня, дарэчы, гучыць няроўна — яе слабая частка, гэта Влатко Лазаноскі, які на фоне Рэджэпавай выглядае ніякавата.

Азербайджан

Фарыд Мамедаў — Hold me

На якой мове спявае Мамедаў, відавочна стала не адразу, тым не менш ягоны нумар вытрыманы ў класічнай манеры «Еўрабачання» — сярэдняга тэмпу балада, адрозніць якую ад дзясяткаў такіх самых не ўяўляецца магчымым. Пад Мамедавым у адмысловай прызме стаіць на галаве нейкі хлопец — гэта нешта ды сімвалізуе. Пакуль што другі паўфінал выглядае вельмі паныла, а некаторыя скардзіліся на першы.

Фінляндыя

Крыста Зігфрыдс — Marry Me

Крыста абяцала на выступе зладзіць лесбійскі перформанс. Зараз убачым, ці гэта праўда. Не падманула — у канцы песні пацалавала бэк-вакалістку. Такім чынам яна выступіць супраць забароны на аднаполыя шлюбы, аднак рызыкуе выляцець з конкурсу, бо заклікі ды іншыя заявы на Еўрабачанні не вітаюцца. Што дакладна можна сказаць пра Зігфрыдс, то яе песня пабудавана на цяперашніх трэндах жаночай поп-музыкі, што хутчэй добра, чым дрэнна. І гучыць яна шмат весялей, чым папярэднія выступоўцы. У тым ліку і з першага паўфіналу.

Мальта

Джанлука Безіна — Tomorrow

Прадстаўнік Мальты — добры прыклад таго, як чалавеку хочацца быць амерыканскім спеваком, але вось нечага трошкі не хапае. Песня мілая і прыемная. У аматараў сучаснай і не вельмі каліфарніскай поп-сцэны створыцца ўражанне, што гэтую песню яны недзе ўжо чулі. З іншага боку, калі б па айчынным радыё круцілі такую музыку, яго папулярнасць вырасла б.

Балгарыя

Еліца Тадорава і Стоян Янкулаў — Само шампіёні

Гэты дуэт ужо прадстаўляе Балгарыю на Еўрабачанні (спецыяльна для дэлегацыі Сан-Марына адзначым: не летась, а ў 2007). Тады яны занялі 5 месца ў фінале — самае высокае месца Балгарыі за ўсю гісторыю конкурсу. Але з такой мелодыяй і спецыфічным выкананнем пятае месца сёлета ім не пагражае. А голас ў Тадоравай цікавы, не адняць.

Ісландыя

Эйтоўр Інгі Гюнлёйгсан — Eg a lif

Мінімалізм бы гэтай песні пасаваў болей. Калі б прыбраць аркестроўку, то была б сімпатычная балада. Мяркуючы па партыі струнных, аўтары вельмі любяць бітлоўскую Eleanor Rigby, але не ўсё тое «Элеанора Рыгбі», што з аркестрам.

Грэцыя

Koza Mostra и Агафонас Іаковадзіс — Alcohol is Free

Грэкі прыехалі ў Мальмё з разухабістым балканскім ска пра бясплатны алкаголь. Паколькі балканская музыка для нашага рэгіёна мае вялікае значэнне, галасаваць у другім паўфінале за іх у нас будуць актыўна. Пасля Фінляндыі самае цікавае, што гучала сёння — прынамсі, весела.

Ізраіль

Маран Мазор — Rak bishvilo

Калі спатрэбіцца ахарактарызаваць большасць песняў Еўрабачання якой-небудзь адной, то песня Маран Мазор прыйдзецца як ніколі да месца. І так, назва перакладаецца «Толькі для яго».

Арменія

Dorians — Lonely Planet

А армянам песню напісаў гітарыст Black Sabbath Тоні Аёмі, то бок чалавек, які ведае, як стварыць класную песню. Не да канца зразумела, навошта з ёй ехаць на Еўрабачанне. У народзе гэта называецца цвікі мікраскопам забіваць. Кажуць, у Аёмі рак. Пажадаем яму здароўя.

Венгрыя

ByeAlex — Kedvesem

Венгрыю сёлета прадстаўляюць хіпстары: песня выдатная, і на Еўрабачанні не кожны раз убачыш на сцэне чалавека з гітарай, які пры гэтым не катаецца на каньках, не скача праз полымя і не робіць іншага шоу. Увогуле, пад канец Еўрабачанне вырашыла выпраўляцца, без уліку Маран Мазор апошнія выканаўцы выглядаюць сімпатычна.

Нарвегія

Маргарэт Бергер — I Feed You my Love

Сёння букмекеры пераставілі Маргарэт Бергер з трэцяга месца на другое і для нечага назвалі яе словам «індастрыял». Ну, шчыра скажам, калі па меркам Еўрабачання, то насамрэч «індастрыял», а так — прынамсі, цікавей, чым у бясспрэчнай фаварыткі з Даніі.

Албанія

Бледар Сейко і Адрыян Люльгюрай — Identitet

Нешта з назвай «Ідэнтычнасць», музыкі грызуць гітарныя струны. У музыцы Сейко з 1989 года — на Еўрабачанні так на гітары не граюць: Сейко імкнецца «паліваць» нотамі як з палівачкі, аднак на канкрэтна гэтым конкурсе гэта не цэняць.

Грузія

Софа Гелавані і Надзікп Тацішвілі — Waterfall

У Грузіі вельмі багатая музычная культура. Сёлета на гэты аспект было вырашана заплюшчыць вочы, інакш з’яўленне ў Мальмё гэтай песні вытлумачыць немагчыма.

Швейцарыя

Takasa — You & Me

Між іншым басісту гурту 94 гады, а вакалістцы 20. Гурт належыць да хрысціянскай арганізацыі «Армія Ратавання», аднак назву давялося змяніць — ніякіх рэлігійных аспектаў Еўрабачанне не трывае. Самае значнае тут — век басіста. Гэта самы стары ўдзельнік Еўрабачання за ўсю ягоную гісторыю. Песня стандартная.

Румынія

Чэзар — It’s My Life

Ну, песня з такой назвай існуе і нават некаторым вядомая. Самае непрыемнае ў выступе загадкавага Чэзара — тыя моманты, калі ён пераходзіць на фальцэт. Калі б сярод гледачоў праводзілася смс-галасаванне, «чый голас вы б ніколі не захацелі больш пачуць», то аўтар бы не пашкадаваў грошай і прагаласаваў бы за яго.

Цяпер у нас ёсць час каб прыйсці ў свядомасць пасля румынскага нумара і дачакаць вынікаў: хто трапіць у фінал і сустрэнецца там з Алёнай Ланской?

Юрась Ускоў