Сын эсэсаўскага палка

Габрэйскі хлопчык зь Беларусі «быў самым маладым нацыстам Рэйху».

23.08.2007 / 09:26

Габрэйскі хлопчык зь Беларусі «быў самым маладым нацыстам Рэйху»

Алекс Курзэм прыехаў у Аўстралію ў 1949 г. з маленькай карычневай валізкай і цяжкім багажом успамінаў.

Толькі ў 1997 г. ён вырашыў раскрыць сваю тайну. Алекс распавёў сваёй сям’і ў Мэльбурне, што падчас Другой сусьветнай вайны, ва ўзросьце пяці гадоў, ён стаў «сынам палка» ў войсках СС.

Гісторыя ягонага жыцьця была нядаўна апублікавана ў кнізе «Талісман».

«Яны далі мне форму, маленькую стрэльбу і маленькі пісталет, ‑‑ распавёў Алекс Курзэм у інтэрвію Бі‑бі‑сі. — Мне давалі невялікія даручэньні — пачысьціць боты, прынесьці вады, разьвесьці вогнішча. Але мая асноўная праца была ў тым, каб забаўляць жаўнераў, аблегчыць іх існаваньне.

Цяжкія ўспаміны

Алекс стаў сьведкам нялюдзкіх злачынстваў. У выпусках кінахронікі яго называлі «самым маладым нацыстам Рэйху». Праўда, эсэсаўцы так і не даведаліся пра ягоную самую важную дэталь з жыцьця свайго «сына палка».

«Яны ня ведалі, што я быў габрэйскім хлопчыкам, які зьбег ад нацысцкага батальёну сьмерці, ‑‑ расказвае Алекс. — Яны думалі, што я расейскі сірата».

20 кастрычніка 1941 г. нямецкая армія ўвайшла ў беларускую вёску, дзе жыў Алекс.

«Я памятаю, як нямецкія жаўнеры занялі вёску, пашыхтавалі ўсіх мужчын на плошчы і расстралялі іх, ‑‑ згадвае Алекс. — Матуля сказала мне, што тату забілі, і нас усіх таксама заб’юць. Паміраць я не хацеў, таму ўначы зьбег. Пацалаваў маму на разьвітаньне і да раніцы схаваўся на ўзгорку каля вёскі».

Удзень усю сям’ю зьнішчылі — маці, брата і сястру.

«Я быў амаль зьнішчаны горам, ‑‑ кажа Алекс. — Памятаю кусаў руку, каб ня плакаць наўзрыд. Я баяўся, што мяне знойдуць у лесе. Не памятаю дакладна, што было потым. Напэўна, я некалькі разоў губляў прытомнасьць. Гэта было жахліва. Калі страляніна спынілася, я ня ведаў, куды ісьці, таму схаваўся ў лесе, бо ня мог вярнуцца дахаты. Я застаўся зусім адзін. Мне было тады пяць ці шэсьць гадоў».

«Я грукаўся ў хаты, і людзі давалі мне лусту хлеба, але казалі, каб я сыходзіў. Ніхто мяне не прытуліў».

Алекс выжыў дзякуючы адзежы, якую здымаў з забітых жаўнераў.

У лесе ён пражыў дзевяць месяцаў, а потым адзін зь мясцовых жыхароў здаў яго латыскай паліцэйскай брыгадзе, якая пазьней стала часткай войскаў СС.

У той дзень паліцаі зладзілі масавую экзэкуцыю, і Алекс думаў, што заб’юць і яго.

«Побач са мной стаяў салдат, і я папрасіў яго: «Пакуль вы мяне не забілі, ці можна мне зьесьці кавалачак хлеба?». Ён паглядзеў на мяне, а потым адвёў за будынак школы. Агледзеў і зразумеў, што я габрэй. «Нядобра, нядобра, ‑‑ сказаў ён. — Слухай, я не хачу цябе забіваць, але і пакінуць цябе тут не магу. Я вазьму цябе з сабой, дам табе новае імя, а другім жаўнерам скажу, што ты — рускі сірата»

«Сын палка»

Алекс Курзэм да гэтага часу ня можа зразумець, чаму латыскі сяржант Екабс Куліс пашкадаваў яго. Алексу дапамагло тое, што ў яго была арыйская зьнешнасьць, і яны абодва змаглі захаваць ў сакрэце яго сапраўднае паходжаньне.

«Я пастаянна павінен быў быць напагатове, бо, каб хтосьці даведаўся пра гэта, мяне забілі б, ‑‑ згадвае Алекс. — Я баяўся, што рускія мяне прыстрэляць ці што немцы выявяць, што я габрэй. Мне не было куды падзецца».

Маленькі Алекс пабываў на Ўсходнім фронце. Апроч таго, ён раздаваў шакаладкі каля чыгуначных саставаў, каб завабіць габрэяў у вагоны для скаціны, у якіх іх звозілі ў канцлягеры.

У 1944 г., калі стала ясна, што немцы прайграюць вайну, камандзір ягонай эсэсаўскай часткі адправіў яго жыць у адну латыскую сям’ю.

Праз пяць гадоў Алекс разам з гэтай сям’ёй апынуўся ў Аўстраліі. Спачатку працаваў у цырку, потым стаў рамантаваць тэлевізары ў Мэльбурне. За ўвесь гэты час ён нікому не расказаў пра мінулае, нават сваёй жонцы Патрысіі.

«Зьяжджаючы з Эўропы, я сказаў сабе: «Забудзь пра мінулае. Ты едзеш у новую краіну, пчынаеш новае жыцьцё. Адключыся і нават ня думай пра гэта. Я ўсім казаў, што мае бацькі загінулі ў часе вайны, але ў дэталі не ўлазіў».

Толькі ў 1997 г. Алекс распавёў пра ўсё сваім родным і разам са сваім сынам Маркам стаў аднаўляць гісторыю свайго жыцьця.

Яны наведалі вёску, дзе нарадзіўся Алекс, і выясьнілі, што яго на самай справе называюць Ільля Гальперын. А ў латыскіх кінаархівах яны знайшлі кадры з маленькім Алексам у эсэсаўскай форме.

Руская служба Бі-бі-сі

Тут можна замовіць кнігу Талісман