Хэнлан пакінуў «Ванкувер Джайнтс» і прыехаў у Мінск

29.05.2013 / 14:47

Два гады Глен Хэнлан трэніраваў юніёрскі «Ванкувер Джайнтс»

Пасля двух сезонаў працы памочнікам трэнера клуба «Ванкувер Джайнтс», што выступае ў Заходняй хакейнай лізе — юніёрскай лізе ў Заходняй Канадзе і на паўночным захадзе ЗША, Глен Хэнлан падаў у адстаўку. Як паведамляе выданне The Vancouver Sun, найбольш верагодная прычына гэтага — праца са зборнай Беларусі па хакеі.

У інтэрв’ю за некалькі дзён да гэтага Хэнлан заявіў, што хацеў бы зноў папрацаваць галоўным трэнерам.

Хэнлан трэніраваў зборную Беларусі па хакеі на чэмпіянатах свету 2005, 2006 і 2009 гадоў. На чэмпіянаце свету 2006 года ў Латвіі беларуская каманда заняла 6 месца.

Сезон 2009/2010 гадоў Хэнлан пачаў на пасадзе галоўнага трэнера «Дынама-Мінск», аднак 20 кастрычніка 2009 г. быў адпраўлены ў адстаўку з-за нездавальняючых вынікаў каманды. Праз два тыдні Хэнлан пакінуў пасаду галоўнага трэнера зборнай Беларусі.

Некалькі дзён таму ў шэрагу СМІ з’явілася інфармацыя аб тым, што Хэнлану ўжо прапанавалі вярнуцца ў нацыянальную зборную па хакеі.

***

У сераду Хэнлан прыляцеў у Мінск.