Apple можа запусціць iRadio на наступным тыдні

Кампанія Apple падпісала пагадненне з Warner Music для запуску ўласнага сэрвісу анлайн-радыё.

04.06.2013 / 10:14

Уласны сэрвіс iRadio можа з’явіцца ў Apple ужо на наступным тыдні. Пасля падпісання ліцэнзійнага пагаднення з Warner Music, кампанія дамаўляецца пра суму адступных з гуказапісвальнымі фірмамі Music, Sony/ATV Music Publishing і Sony Music.

Згодна з пагадненнем, Apple атрымлівае правы на дыстрыбуцыю музыкі праз уласны сэрвіс анлайн-радыё iRadio. Гуказапісвальнай кампаніі Apple будзе накіроўваць каля 10% ад рэкламных прыбыткаў (Pandora накіроўвае 4%).

Apple працягвае актыўную працу з гуказапісвальнымі фірмамі: карпарацыя блізкая да заключэння пагаднення з музычным выдаўцом Sony/ATV Music Publishing і перайшла да другой стадыі ўгоды з Universal Music, якая агаворвае опцыю выдавецкіх правоў.

Паводле дадзеных экспертаў, функцыі iRadio будуць нашмат шырэйшымі, чым у існых сэрвісаў анлайн-радыё, такіх як Pandora, Salcker і iHeartRadio. Пачутыя праз iRadio трэкі можна будзе купляць, сэрвіс будзе падлучаны да iTunes.

Запуск iRadio залежыць ад таго, калі Apple дамовіцца з «пулам» гуказапісвальных кампаній. Кампанія зацікаўленая ў глабальным прасоўванні сэрвісу, а гуказапісвальныя фірмы хочуць вялікіх адлічэнняў.