18-гадовая дзяўчына асуджана за забойства 17-гадовай сяброўкі
04.06.2013 / 10:51
Судом Слаўгарадскага раёна асуджаны 18-гадовая і 35-гадовы мясцовыя жыхары.Першая — за забойства на падставе ч. 1 арт. 139 КК, другі — за ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 405 КК (загадзя не абяцанае ўкрывальніцтва прылады і слядоў асабліва цяжкага злачынства).
У сакавіку 2012 года дзяўчына разам з 17-гадовай сяброўкай, з якой яны вучыліся ў Слаўгарадскім прафесійным ліцэі № 3, пайшлі раней з заняткаў у дом да прыяцеля асуджанай, дзе распівалі спіртное. Вечарам вярнуўся гаспадар дома, з якім яны прадоўжылі выпіваць.Затым паміж дзяўчатамі здарылася сварка з-за гаспадара: госця стала папракаць сяброўку тым, што яна адбіла ў яе сябра. Мужчына супакоіў іх, купіў ім яшчэ спіртнога, а сам пайшоў спаць. Прачнуўся ад крыкаў. Яго прыяцелька паваліла сакурсніцу на падлогу і біла яе галавой аб падлогу. Ён адштурхнуў яе ад ахвяры, але тая не супакойвалася: схапіла нож і з-за яго спіны нанесла ўдар сяброўцы ў вобласць сэрца, у выніку чаго смерць наступіла на месцы здарэння.
Гаспадар дома даў забойцы выпіць і паклаў яе спаць. А сам знішчыў сляды злачынства: спаліў у печы нож, рэчы пацярпелай, схаваў цела ахвяры ў гаспадарчай пабудове, замыў у доме сляды крыві.Праз некалькі дзён ён спрабаваў расчляніць цела забітай дзяўчыны, але не здолеў гэта зрабіць. Выкапаў у агародзе яму, у якую паклаў труп, і закапаў.
У маі мінулага года супрацоўнікі міліцыі знайшлі цела забітай.Падчас папярэдняга расследавання абвінавачаная спрабавала перакласці віну на свайго прыяцеля. Аднак падчас судовага разбору прызналася ў тым, што зрабіла, а таксама ў тым, што агаварыла сябра з мэтай, каб ён разам з ёю адбываў пакаранне. Сам ён віну ва ўкрывальніцтве слядоў і прылады злачынства не адмаўляў.
Суд прызнаў дзяўчыну вінаватай у забойстве і прыгаварыў да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму, а таксама да прымусовага лячэння ад алкагалізму.Яе прыяцеля суд прызнаў вінаватым у загадзя не абяцаным укрывальніцтве прылады і слядоў асабліва цяжкага злачынства і прызначыў два гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Прыгавор увайшоў у законную сілу.