Папа Францішак не прыедзе на гадавіну хрышчэння Русі

04.06.2013 / 22:28

Папа Францішак не прыедзе ва Украіну на святкаванне 1025-годдзя хрышчэння Кіеўскай Русі, а накіруе туды свайго пасланца.

Пра гэта заявіў кіраўнік Украінскай грэка-каталіцкай царквы Святаслаў Шаўчук.

1025-годдзе хрышчэння Кіеўскай Русі плануюць афіцыйна адзначаць у канцы ліпеня, аднак Украінская грэка-каталіцкая царква будзе святкаваць яго 18 жніўня. Гэта адпавядае старажытнай кіеўскай традыцыі, тады як аб'яднанне гадавіны хрышчэння з днём памяці роўнаапостальнага князя Уладзіміра, па словах Святаслава Шаўчука, з'яўляецца маскоўскай традыцыяй.

У красавіку дэпутаты апазіцыйных фракцый зарэгістравалі ў Вярхоўнай Радзе праект пастановы аб запрашэнні на святкаванне 1025-годдзя хрышчэння Кіеўскай Русі папы Францішка і сусветнага патрыярха канстанцінопальскага Варфаламея.