У Карэлічах бацькі ўзбунтаваліся супраць аддзелу адукацыі
Яны ня згодныя з тым, што іх дзяцей пераводзяць у іншую школу, пра што ім паведамілі перад самым пачаткам вучобы.
27.08.2007 / 16:11
У Карэлічах усяго дзьве школы. Разьмешчаныя яны па розныя бакі пасёлку. Сёлета бацькі, чые дзеці мусілі пайсьці ў школу №2, падрыхтаваліся загадзя — падалі заявы яшчэ ў чэрвені. Адказ з раённага аддзелу адукацыі ды адміністрацыі школы быў станоўчы. Аднак напрыканцы жніўня, калі да пачатку вучобы заставалася ўсяго нічога, са школы пачалі тэлефанаваць і папярэджваць, што частку дзяцей перавядуць у гімназію, былую школу №1. Такі ж лёс напаткаў і вучняў 10‑й клясы. Па словах бацькоў, уцямнага тлумачэньня такой ракіроўкі яны не атрымалі. «З намесьнікам старшыні райвыканкаму па сацыяльнай сфэры яшчэ гаварыць можна, а начальнік РАА нас і слухаць ня стаў» — скардзяцца бацькі. Давялося тэлефанаваць у Горадню, ды на гарачую лінію АНТ. Пасьля гэтага з бацькамі сустрэўся старшыня райвыканкаму ды паабяцаў ім аўтобус, каб вазіць дзяцей у гімназію. «Ня трэба нам тая гімназія ды аўтобус» — абураецца бабуля дзяўчынкі, што 1 верасьня пойдзе ў 1‑ю клясу. — «Нашыя дзеці — не статак авечак, што можна пераганяць зь месца на месца». Іх сям’я жыве літаральна праз дарогу ад 2‑й школы. Тая ж сытуацыя і ў большасьці сем’яў, чыіх дзяцей вырашылі перавесьці ў іншую школу. Найбольш іх абурыла тое, што папярэдзілі іх у самы апошні момант.
Намесьнік старшыні райвыканкаму па сацыяльнай сфэры Анатоль Маркевіч патлумачыў, што пытаньне вырашыцца на працягу найбліжэйшых дзён. «Прычына пераводу дзяцей у перагружанасьці 2‑й школы, каб прыняць яшчэ адну групу першаклясьнікаў, давядзецца арганізоўваць другую зьмену. Мы на сустрэчы з бацькамі пра гэта гаварылі» — патлумачыў Анатоль Мечыслававіч нагоду для пераводу дзяцей у гімназію. Па яго словах, адлегласьць паміж школамі невялікая — трохі больш за кілямэтар. Пры гэтым ён запэўніў, што канчатковае слова будзе за бацькамі. «Гэта іх права: пагодзяцца — дзеці будуць вучыцца ў гімназіі, не — зладзім другую зьмену, але змушаць нікога не будзем».