Спецслужбы ЗША некалькі гадоў здабываюць дадзеныя Apple, Facebook, Google, Skype

У чацвер кампаніі Apple, Google і Facebook заявілі, што яны ніколі не давалі спецслужбам ЗША доступ да іх сервераў.

07.06.2013 / 10:43

Пра гэта паведамляе The Washington Post.

Паводле дадзеных газеты, агенцтва нацыянальнай бяспекі ЗША і ФБР скарысталіся сакрэтнай праграмай, вядомай пад імем PRISM, і здабылі дадзеныя кампаній.

«Мы ніколі не чулі пра гэтую праграму. І мы не даем ніякім урадавым ведамствам непасрэднага доступу да нашых сервераў. Любая федэральная структура, што запытвае звесткі аб нашых кліентах, павінная спачатку атрымаць судовы ордар», — заявіў афіцыйны прадстаўнік кампаніі Apple Стывен Доўлінг.

The Washington Post піша, што

спецслужбы ЗША ўжо некалькі гадоў атрымліваюць інфармацыю аб аўдыё- і відэафайлах, фотаздымках, электронных лістах, дакументах і гісторыі пошуку карыстальнікаў дзевяці найбуйнейшых кампаній: Microsoft, Yahoo, Google, Facebook, PalTalk, AOL, Skype, YouTube, Apple.

«Кампанія сур’ёзна клапоціцца пра бяспеку дадзеных сваіх кліентаў і раскрывае сваю базу для ўрада ў адпаведнасці з законам» — запэўнілі прадстаўнікі Google.

З аналагічнымі заявамі выступіў і Facebook.

«Мы не даем урадавым ведамствам доступу да сваіх сервераў. Атрымліваючы запыты аб дадзеных на канкрэтных людзей, кампанія старанна вывучае іх на прадмет адпаведнасці законам і дае інфармацыю толькі ў тых выпадках, калі гэтага патрабуе заканадаўства», — заявіў кіраўнік службы бяспекі Facebook Джозэф Саліван.

Аднак высокапастаўлены прадстаўнік амерыканскай адміністрацыі заявіў, што «здабыццё інфармацыі» датычыць не толькі амерыканскіх грамадзян.

Паводле яго словаў, гаворка можа ісці пра пераслед людзей, якія не з’яўляюцца падданымі ЗША і знаходзяцца па-за межамі краіны. Крыніца падкрэсліла, што сабраная ў рамках гэтай праграмы інфармацыя — надзвычай важная і каштоўная.