WP: Смяротнасць белага насельніцтва ЗША ўпершыню перавысіла нараджальнасць
Смяротнасць белага насельніцтва ў ЗША ў 2012 годзе ўпершыню перавысіла нараджальнасць,
13.06.2013 / 10:37
піша The Washington Post. Паводле апублікаваных дадзеных, белых амерыканцаў у справаздачны перыяд памерла на 12,4 тыс. больш, чым нарадзілася. У Штатах пражывае 198 млн белых грамадзян не лацінаамерыканскага паходжання, нагадвае газета.
Нягледзячы на тое, што розніца ў смяротнасці і нараджальнасці невялікая, спецыялісты ў галіне дэмаграфіі сцвярджаюць, што не ведаюць іншага такога прыкладу ў гісторыі ЗША. З іх словаў, нават у часы войнаў або Вялікай дэпрэсіі такога не было.
«Мы заўчасна пачынаем этап працяглага і павольнага зніжэння колькасці нашага белага насельніцтва, што будзе характарызаваць усё гэтае стагоддзе», — заявіў эксперт Бруклінскага інстытута Уільям Фрэй.
Выданне дадае, што белыя грамадзяне не лацінаамерыканскага паходжання ў цэлым значна старэйшыя, чым іншыя сацыяльныя групы ў ЗША. Іх сярэдні ўзрост складае 42 гады, у той час як у азіятаў гэты паказчык роўны 34 гадам, у афраамерыканцаў — 32, а ў выхадцаў з Лацінскай Амерыкі — 28.