Кантрольнымі органамі на другое паўгоддзе запланавана 26 тысяч праверак

15.06.2013 / 15:52

Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі апублікаваў на сваім сайце каардынацыйныя планы кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў абласцях і Мінску на другое паўгоддзе 2013 года.

Як паведамляе КДК, кантрольнымі і нагляднымі органамі на другое паўгоддзе запланавана 25.809 праверак. Імі будзе ахоплена 20.798 суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці, што складае 5% ад агульнай колькасці арганізацый, якія знаходзяцца на ўліку ў падатковых органах.

Паводле звестак КДК, захоўваецца тэндэнцыя да зніжэння колькасці праверак. У параўнанні з аналагічным перыядам 2012 года іх запланавана менш на 20,6%, а з першым паўгоддзем гэтага года — на 28,8%.

17% суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці (3.605) у другім паўгоддзі будзе праверана з удзелам некалькіх кантрольных (наглядных) органаў.

31,4% запланаваных на названы перыяд праверак складаюць праверкі фінансава-гаспадарчай дзейнасці (у другім паўгоддзі 2012 года — 38%), 68,6% — наглядныя (у другім паўгоддзі 2012 года — 62%).

Найбольшую колькасць праверак фінансава-гаспадарчай дзейнасці складаюць праверкі падатковых органаў — 5.829 (22,6% ад агульнай колькасці праверак і 71,8% ад праверак фінансава-гаспадарчай дзейнасці). Удзельная вага праверак органаў Камітэта дзяржкантролю ў планах другога паўгоддзя складае 0,62%.

У межах нагляду найбольшая колькасць планавых праверак у другім паўгоддзі будзе праведзена органамі дзяржаўнага санітарнага нагляду Міністэрства аховы здароўя — 7.347 (28,5% ад агульнай колькасці і 41,5% ад колькасці наглядных праверак) і органамі МНС — 5.049 (19,6 і 28,5% адпаведна).

Удзельная вага суб’ектаў гаспадарання, аднесеных кантрольнымі (нагляднымі) органамі да высокай групы рызыкі, склала 50,1%, да сярэдняй — 24,5%, да нізкай — 22,8%. На праверкі ў межах ведамаснага кантролю прыпадае 2,6%.