Расія падсоўвае «Іскандэры» да заходніх межаў

Расія недвухсэнсоўна намякае, што на краіны, якія дапусцілі на сваю тэрыторыю базы ПРА ЗША, будуць нацэленыя яе незбівальныя ракеты.

24.06.2013 / 10:13

Гэта, у прыватнасці, непасрэдна датычыць Польшчы. Адным з асноўных плацдармаў для размяшчэння аператыўна-тактычных ракетных комплексаў (АТРК) «Іскандэр», на думку шэрагу ваенных аналітыкаў, можа стаць Беларусь. Польшча, у сваю чаргу, заклапацілася ўзмацненнем уласных супрацьпаветранай абароны (СПА) і проціракетнай абароны (ПРА). У выніку становішча ў рэгіёне можа абвастрыцца.

Пэўны час таму Мінабароны Польшчы абвясціла тэндар на пастаўку зенітных і супрацьракетных сістэм сярэдняй далёкасці. Закупка — частка планаў польскага міністэрства па развіцці сваіх сістэм ПРА і СПА ў перыяд 2014—2023 гг.

Паводле задумы, будучая сістэма ПРА павінная быць мабільнай, здольнай абараніць Польшчу ад ракет малой і сярэдняй далёкасці.
Мяркуецца, што нацыянальная ПРА будзе цесна ўзаемадзейнічаць з сістэмай ПРА НАТО. Прыём заявак ужо завершаны, а пастаўкі павінныя пачацца ў 2017 годзе. Як лічаць у Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы, стварэнне новай сістэмы ПРА можа каштаваць ад 2,5 да 3,75 млрд даляраў.

Нагадаем, што закон аб развіцці нацыянальнай супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны да 2023 года быў падпісаны прэзідэнтам Браніславам Камароўскім 12 красавіка. Дакумент прадугледжвае, што ў 2014–2023 гадах на мадэрнізацыю і пашырэнне сістэм СПА і ПРА пойдзе не менш за 20% выдаткаў на мадэрнізацыю ўзброеных сілаў. І гэтая сума можа быць павялічаная, калі рост эканомікі ў гэты перыяд паскорыцца. Доля абаронных выдаткаў у ВУП Польшчы цяпер складае 1,95%.

Сёння аснову сістэмы СПА краіны складаюць шэсць ракетных дывізіёнаў, узброеных мадэрнізаванымі ў Польшчы савецкімі зенітна-ракетнымі комплексамі сярэдняй далёкасці С-125 «Нява». І толькі адзін дывізіён мае на ўзбраенні дадаткова комплекс далёкага радыусу дзеяння С-200 «Вега».

Як мяркуе шэраг экспертаў, да рашэння ўзмацніць свае СПА і ПРА Варшаву падштурхнула нядаўняя адмова ЗША ад рэалізацыі чацвёртага этапу разгортвання ПРА ў Еўропе. У адпаведнасці з ім планавалася размясціць на кантыненце больш дасканалую версію ракеты-перахопнікаSM-3 Block IIB, якая дазволіла б перахопліваць не толькі тактычныя і аператыўна-тактычныя балістычныя ракеты, але і ракеты міжкантынентальнага класа.

Праўда, у Пентагоне заявілі, што карэктаванне планаў не азначае адмены ўсёй праграмы будаўніцтва еўрапейскага эшалона амерыканскай ПРА; размяшчэнне яе элементаў, прадугледжаных праектамі першай, другой і трэцяй стадый, адбудзецца абавязкова.

Аднак у плане баявых магчымасцяў адмова ад чацвёртага этапу азначае, што сістэма ЕўраПРА не зможа забяспечыць абарону саюзнікаў ЗША ад удару манеўраных боегаловак або ракет, у прыватнасці — АТРК «Іскандэр».

Эксперты спасылаюцца на заяву ад 23 лістапада 2011 года тагачаснага прэзідэнта Расіі Дзмітрыя Мядзведзева, які даў вайскоўцам і ВПК даручэнне распачаць шэраг першачарговых мер процідзеяння ЕўраПРА, якія не патрабуюць вялікіх выдаткаў часу і фінансаў.

Як растлумачылі ў сувязі з гэтым прадстаўнікі расійскай экспертнай супольнасці, у выпадку неабходнасці адной з такіх мер можа стаць вылучэнне ў Беларусь адной з расійскіх брыгад, аснашчаных ракетнымі комплексамі «Іскандэр-М».

Акрамя таго, Дзяржаўнай праграмай узбраення беларускай арміі да 2015 года прадугледжаны пачатак пераўзбраення 465-й ракетнай брыгады комплексамі «Іскандэр-Э», далёкасць стральбы якіх, праўда, у 1,8 разу меншая, чым базавай версіі «Іскандэр-М». Пераўзбраенне мае завяршыцца да 2020 года.

Збегам апісаных абставінаў, трэба думаць, і тлумачыцца настойлівае імкненне Варшавы займець самыя сучасныя сродкі ПРА.
Адзначым, што аб намеры польскага кіраўніцтва стварыць уласную сістэму абароны ад удараў з паветра міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў практычна адразу пасля таго, як кіраўнік Мінабароны ЗША Чак Хейгел апублікаваў планы карэктавання праекта ЕўраПРА.

Калі ж казаць пра магчымых пераможцаў польскага тэндара на пастаўку сродкаў ПРА, то ў першую чаргу варта назваць кампанію Lockheed Martin з яе сістэмай СПА/ПРА Patriot PAC-3. Тым больш што адна батарэя такіх ЗРС са складу амерыканскай арміі ўжо размешчаная на польскай тэрыторыі. А нядаўна на ракетным палігоне Уайт-Сэндс (штат Нью-Мексіка) былі праведзеныя паспяховыя выпрабаванні PAC-3 больш сучаснай версіі MSE (Missile Segment Enhancement).

Паведамляецца, што пускі былі ажыццёўленыя для дэманстрацыі магчымасцяў сістэмы і пацверджання яе гатоўнасці да серыйнай вытворчасці. Ракеты версіі PAC-3 MSE, як і папярэдняя іх мадыфікацыя, прызначаныя для перахопу сучасных балістычных і аэрадынамічных цэляў на тэатры ваенных дзеянняў.

Між тым, на думку шэрагу аўтарытэтных вайсковых экспертаў, нават выкарыстанне сістэмы Patriot PAC-3 MSE наўрад ці зможа надзейна абараніць Польшчу ў выпадку ўжывання супраць яе ракетнага комплексу «Іскандэр». Адна з галоўных асаблівасцяў гэтага АТРК — прымяненне вялікага набору разнастайных сродкаў пераадолення ПРА.

Яго ракета не рухаецца да мэты па балістычнай траекторыі, а кіруецца цягам усяго палёту, які праходзіць на вышыні 50 км. Яна выконвае рэзкія манеўры з перагрузкай у межах ад 20 да 30 g як адразу пасля старту, так і пры падыходзе да аб’екта паразы. Прымяненне тэхналогій Stealth яшчэ больш пашырае магчымасці АТРК «Іскандэр» у плане пераадолення ПРА і робіць яго супастаўным па непаражальнасці ракет толькі са стратэгічным ракетным комплексам «Топаль-М».

Апошнім часам да гэтых сродкаў пераадолення ПРА дадаўся яшчэ адзін: сістэма радыёэлектроннага падаўлення. Яна забяспечвае прыкрыццё ракеты на фінішным участку палёту. Спецыяльная апаратура ставіць пасіўныя і актыўныя перашкоды (з дапамогай шумаў і выкіду ілжывых цэляў) любым аглядным радарам СПА і ПРА.

Ужо вядома, што першыя мадыфікаваныя АТРК «Іскандэр-М» нароўні з Паўднёвай вайсковай акругай Расіі атрымае і Заходняя. Гэта значыць, «Іскандэры» наблізяцца да межаў Беларусі.