У Баранавічах грамадзянін Расіі стварыў сетку фальшывых прадпрымальніцкіх структур

28.06.2013 / 16:52

За паўтара года дзяржаве была нанесена шкода амаль на 2 мільярды рублёў. У адносінах да расіяніна 27 чэрвеня распачалі тры крымінальных справы.

Як паведамілі ў фінансавай міліцыі, у 2012 годзе грамадзянін Расіі знайшоў у Баранавічах траіх маладых людзей і за пэўную плату папрасіў іх зарэгістравацца ў якасці ІП, што яны і зрабілі, піша «Intex-press».

Новаспечаныя прадпрымальнікі па ўказанні расіяніна адкрылі рахункі ў банках Мінска, атрымалі бланкі таварна-транспартных накладных, аднак на гэтым іх прадпрымальніцтва і сканчалася. Фінансавую дзейнасць ад іх імя ажыццяўлялі трэція асобы, пры гэтым падаткі ў бюджэт не плацілі.

У выніку за 2012-2013 гады запазычанасць па падатках склала 1,7 млрд рублёў.

У дачыненні да меркаванага стваральніка злачыннай схемы 27 чэрвеня распачалі тры крымінальных справы. Яму можа пагражаць да 10 гадоў турмы.