«Уцёкі сьмяротніка, або Дух вее, дзе хоча»

ТВ, 4 верасьня, аўторак

Шэдэўр Рабэра Брэсона, стваральніка “трансцэндэнтальнага стылю”. Не прапусьціце!

03.09.2007 / 18:45

Лад, 20.45

Уцёкі сьмяротніка, або Дух вее, дзе хоча (Un condamné à mort s'est échappé ou Le vent souffle où il veut)
Францыя, 1956, чорна-белы, 99 хв.
Рэжысэр: Рабэр Брэсон
Ролі выконваюць: Франсуа Летэр’е, Шарль ЛеКленшэ, Марыс Бірблок, Ралан Мано, Жак Эрто, Жан-Поль Дэламо
Жанр: Драма
Прызы: Прыз Канскага кінафэсту Рабэру Брэсону за найлепшую рэжысуру; намінацыя на “Залатую галіну” Канскага кінафэсту за найлепшы фільм, прыз Францускага сындыкату крытыкаў за найлепшы фільм
Адзнака: 10 (з 10)

Актывіст Францускага супраціву схоплены нацыстамі і прысуджаны да пакараньня сьмерцю. Герой карпатліва рыхтуе ўцёкі: гострыць лыжку, дзяўбе дзьверы, робіць вяроўку і крукі…

Стыль францускага генія, каталіка, Рабэра Брэсона – аскетычны.

Штодзённасьць, засяроджанасьць, выключная канцэнтрацыя ўвагі.

Герой марудна й старанна рыхтуецца да ўцёкаў; а кожнае ягонае дзеяньне мы чуем у закадравых “думках”: “я выйшаў у пакой”, “я пачуў крокі”.

Вязьніца. Цяжар невыноснага – з чым змагаецца чалавек.

Выключная гукавая паліфанія: рып крокаў зьняволенага й крокі назіральніка, гук цягніку, рыпаньне засаўкі – усе гукі мы чуем так, як герой; шумы то зьяўляюцца, то зьнікаюць у залежнасьці ад ягонай увагі.

Рабэр Брэсон выкарыстоўвае непрафэсійных актораў (якіх ён называе “мадэлямі”) – і дамагаецца ад іх найвышэйшай дакладнасьці, недасягальнай з акторамі звычайнымі, якія заўжды пераігрываюць.

Брэсон – стваральнік так званага “трансцэндэнтальнага стылю”.

Праз аскетызм і засяроджанасьць мы непасрэдна адчуваем звышнатуральнае, подых Духа, які вее, дзе хоча – і які амаль ніколі не ўвасабляўся ў кіно.

Фільмы Рабэра Брэсона – вынятак.

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы