Памёр гукарэжысёр Уладзімір Сакульскі

абноўлена

08.07.2013 / 09:26

7 ліпеня раптоўна памёр гукарэжысёр Уладзімір Сакульскі. Апошнім часам ён працаваў на «Радыё Свабода», а перад гэтым — на радыёстанцыях «Беларуская маладзёжная», «Радыё 101,2», на радыё «Рацыя».
«Навіна пра смерць Уладзіміра для мяне быццам абухом па галаве,
— кажа сябар Уладзіміра журналіст Генадзь Кеснер. — Мы пазнаёміліся з Уладзімірам яшчэ ў 1992 г., калі я прыйшоў працаваць на радыё „Беларуская маладзёжная“.

Уладзімір быў адсалютным прафесіяналам і неверагодным жыццялюбам. У яго было цудоўнае пачуццё гумару, а яшчэ ён не ўмеў нікому адмовіць, хоць часам і рабіў выгляд, што злуецца».

Кеснер расказаў, што прычынай смерці сталі даўнія праблемы з сэрцам.

«Уладзімір калісьці перанес інфаркт, у далейшым ў яго развіліся аскладненні. Наколькі я ведаю, ён вяртаўся з сябрамі з лецішча, калі ў яго адарваўся тромб…
— кажа Геннадзь. — Уладзімір вельмі цяжка перажываў смерць Юрася Бушлякова. Відаць, гэты стрэс „наклаўся“ на старыя хваробы.

Ва Уладзіміра ёсць старэйшы брат, пляменнікі, але жыў ён адзін. Зусім нядаўна ён скончыў рамонт у кватэры, якую вельмі любіў. Гэты рамонт Уладзімір рабіў цягам некалькіх гадоў. Таксама нядаўна ён з’ёздзіў у адпачынак у Турцыю. Вярнуўся адтуль 5 чэрвеня, у свой дзень нараджэння. У той дзень яму споўнілася 58 гадоў».

Кірыла Хілько