Літоўскія памежнікі ў аўторак пачынаюць «італьянскі страйк»
08.07.2013 / 23:08
Літоўскія памежнікі ў аўторак раніцай пачынаюць так званы «італьянскі страйк», г.зн. усіх людзей і транспарт, што перасякаюць мяжу Літвы, будуць правяраць, строга выконваючы свае службовыя абавязкі і правілы, ні на крок не адыходзячы ад іх.
Акцыі пратэсту пройдуць на пунктах перасячэння
«Памежнікі асабліва старанна будуць правяраць дакументы кіроўцаў, пасажыраў, аўтамабіляў. Зразумела, новыя працэдуры ніхто выдумляць не стане, будуць выконвацца ўсе прадугледжаныя. Штучна чэргі на мяжы ствараць не станем», — адзначыў прафсаюзны лідар Уладзімірас Банеліс.
Акцыя пачнецца ў 08:00 аўторка і працягнецца да 08:00 чацвярга, 11 ліпеня.
Пра акцыю праінфармаваныя амбасады замежных дзяржаў, Міністэрства замежных спраў, Асацыяцыя перавозчыкаў, грамадскасць Беларусі. Тым, хто спяшаецца, рэкамендуецца выбраць іншыя памежныя пункты.
Статутныя супрацоўнікі — паліцэйскія, пажарныя, памежнікі — сваімі акцыямі пратэсту спрабуюць уздзейнічаць на ўлады, дамагаючыся павышэння фінансавання, зароьбкаў, забеспячэння сацыяльных гарантый.