Зачыстка ў Пінску: затрыманага ля кірмаша аштрафавалі на 2 мільёны

11.07.2013 / 09:28

На мужчыну 1957 года нараджэння складзены пратакол за ўмяшальніцтва ў вырашэнне справы аб адміністратыўным правапарушэнні. Ён быў асуджаны 9 ліпеня.

А дзве пенсіянеркі, затрыманыя 7 ліпеня падчас хапуна ля кірмаша «Заходні», яшчэ чакаюць суда. Іх вінавацяць адразу па двух пунктах: «парушэнне правілаў гандлю і аказанню паслугаў насельніцтву» і «непапарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёю службовых абавязкаў».

УУС Брэсцкага аблвыканкама збіраецца праверыць, наколькі абгрунтаванымі былі дзеянні жорсткія пінскіх міліцыянтаў.

Нагадаем, у інтэрнэце з’явілася відэа, на якім бачна, як міліцыя жорстка затрымлівае пенсіянераў, якія гандлююць ля рынку «Заходні» у Пінску. Там відаць, як праваахоўнікі спрабуюць выдраць зэдлік і торбу з рук дзеда з сівой барадой. Пасля ў міліцэйскі УАЗ запіхваюць дзвюх жанчын. Тыя лямантуюць, у адной з іх з галавы падае касынка, на якую наступае міліцыянт.