Беспілотнік упершыню здзейсніў пасадку на авіяносец — відэа

Беспілотны лётны апарат X-47B ВМС ЗША ўпершыню паспяхова прызямліўся на палубу авіяносца «George HW Bush».

11.07.2013 / 10:29

Карабель знаходзіўся ў Атлантычным акіяне недалёка ад узбярэжжа штата Вірджынія, перадае BBC.

Пасадка прайшла ў аўтаматычным рэжыме з выкарыстаннем аэрафінішара. Кіраўніцтва ваенна-марскіх сіл ЗША ўжо назвала гэтую падзею гістарычнай, піша The Washington Post.

Амерыканскія эксперты лічаць, што размяшчэнне беспілотнікаў на авіяносцах дазволіць у будучыні ажыццяўляць запускі без наяўнасці дазволу на выкарыстанне вайсковых баз іншых краін для ўзлётаў і пасадак беспілотных лётных апаратаў.

X-47B распрацаваны з выкарыстаннем стэлс-тэхналогіі і прызначаны для шырокага спектру аперацый: ад правядзення пошукавых і разведвальных аперацый да нанясення ўдараў па праціўніку.

14 мая 2013 беспілотны самалёт гэтай мадэлі пад кодавай назвай Salty Dog 501 упершыню узляцеў з палубы таго ж авіяносца «George HW Bush».

Як чакаецца, серыйныя ўзоры пачнуць паступаць на ўзбраенне ВМС ЗША ў 2018 годзе.