Карл Більт: Нашая пазіцыя застаецца цвёрдай

Міністр замежных спраў Швецыі даў эксклюзіўнае інтэрв'ю charter97.org.

11.07.2013 / 10:43

Карл Більт вядомы свой паслядоўнай і прынцыповай пазіцыяй у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Пасля падзеяў 19 снежня 2010 года міністр стаў адным з аўтараў нашумелага артыкула «Лукашэнка — лузер», у якім кіраўнікі МЗС Швецыі, Германіі, Польшчы і Чэхіі заявілі, што беларускі кіраўнік прайграў прэзідэнцкія выбары.

Сёння кіраўнік МЗС Швецыі адказаў на пытанні галоўнага рэдактара сайта charter97.org Наталлі Радзінай.

— Спадар міністр, вы былі першым еўрапейскім палітыкам, які сустрэўся са мной пасля вызвалення з турмы і ўцёкаў з Беларусі. Гэта мяне вельмі падтрымала. Я ўбачыла ў вас чалавека, які турбуецца аб жыцці і лёсе кожнага палітычнага зняволенага. Сёння мы зноў чуем галасы прыхільнікаў «realpolitik» у дачыненні да Беларусі. Як вы да гэтага ставіцеся?

— Еўрапейскі саюз праводзіць паслядоўную палітыку ў дачыненні да Беларусі, прытрымліваючыся прынцыповага падыходу. Пра гэта кажуць і нашы публічныя заявы з ацэнкай таго, што ў 2013 годзе ў Беларусі, у цэнтры Еўропы, ёсць палітычныя зняволеныя. Варта адзначыць, што палітыка ЕС што да «Усходняга партнёрства» заснаваная на каштоўнасцях. Мы ведаем, што падыход ЕС да супрацоўніцтва, развіцця і росту вельмі прывабны для нашых суседзяў, пра што сведчыць іх імкненне да больш цеснага супрацоўніцтва з ЕС. Нашая палітыка павінная быць адкрытай і ўключаць магчымасці для паглыблення супрацоўніцтва з усходнееўрапейскімі партнёрамі, у тым ліку і з Беларуссю, пры ўмове, што мы ўбачым прыхільнасць да агульных дэмакратычных каштоўнасцяў, верхавенства закона і павагу да правоў чалавека, на чым і заснаваны ЕС.

— 23 снежня 2010 года Радаслаў Сікорскі, Гіда Вестэрвеле, Карэл Шварцэнберг і вы напісалі артыкул «Лукашэнка — лузер» у The New York Times. У артыкуле вы далі дакладную ацэнку сітуацыі ў Беларусі і заявілі пра сваю прынцыповую пазіцыю ў дачыненні да Лукашэнкі. Чаму гэтая пазіцыя не стала асновай для палітыкі Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі?

— Я б сказаў, што многія думкі, выкладзеныя ў артыкуле, насамрэч дапамаглі вызначыць крокі, прынятыя ЕС. Самым прыкметным знакам стала тое, што ЕС узмацніў санкцыі супраць Беларусі да беспрэцэдэнтнага ўзроўню. Гэтыя санкцыі і еўрапейская палітыка крытычнага ўзаемадзеяння з Беларуссю працягваюць дзейнічаць і сёння.

— Швецыя шмат робіць для падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі. Аднак такая падтрымка робіцца менш эфектыўнай, калі ЕС робіць спробы «ўзаемадзейнічаць» з Лукашэнкам. У канцы 80-х і пачатку 90-х Швецыя рашуча падтрымлівала краіны Балтыі ў барацьбе за незалежнасць і дэмакратыю. У тыя часы ніхто не прапаноўваў ніякага дыялогу з таталітарным рэжымам. Можа быць, варта вярнуцца да такога прынцыпу адносінаў з Беларуссю?

— Галоўная характарыстыка палітыкі крытычнага ўзаемадзеяння ЕС — спалучэнне выразна абазначанага і прынцыповага падыходу, заснаванага на каштоўнасцях, і пэўнага ўзроўню ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва з Беларуссю. Швецыя і ЕС ніколі не лічылі, што спробы ізаляваць Беларусь або адмова ад дыялогу з Мінскам прывядуць да станоўчых змен. Гэта відаць па нядаўнім рашэнні прыпыніць абмежаванне на ўезд у ЕС міністра замежных спраў Беларусі. Прызначыўшы чалавека, які знаходзіцца пад дзеяннем санкцый, на такі пост, Беларусь сама сябе ізалявала. Тым не менш мы не верым, што забарона дыпламатычных кантактаў з Беларуссю вядзе нас наперад. Таму мы і пагадзіліся часова зняць візавыя абмежаванні.

— Вы адзін з ініцыятараў праграмы «Усходняе партнёрства». Чаго вы чакаеце ад саміта «Усходняга партнёрства» ў Вільні? Як вы думаеце, хто можа прадстаўляць Беларусь на сустрэчы?

— Калі разглядаць Беларусь у кантэксце дасягненняў некаторых удзельнікаў «Усходняга партнёрства», робіцца відавочным вялізны нерэалізаваны патэнцыял у еўрапейска-беларускіх адносінах. Гэта адзін з галоўных плюсаў прысутнасці Беларусі на сустрэчах «Усходняга партнёрства». На сустрэчы ў Вільні мы, напрыклад, збіраемся абмеркаваць стварэнне паглыбленай і ўсёабдымнай зоны свабоднага гандлю для чатырох краін-партнёраў, у той час як супрацоўніцтва з Беларуссю не развіваецца. Мы чакаем ад Мінска крокаў па раскрыцці гэтага патэнцыялу.

— Ці ёсць у ЕС стратэгія і палітычная воля дапамагчы Беларусі стаць свабоднай і дэмакратычнай?

— У ЕС ёсць правільная стратэгія па Беларусі, і я не думаю, што ЕС збіраецца яе мяняць. У доўгатэрміновай перспектыве наш уклад у станоўчыя змены ў Беларусі можа выяўляцца ў падтрыманні нашай цвёрдай прыхільнасці да неабходнасці паважаць фундаментальныя каштоўнасці. Мы таксама павінныя паказаць нашую гатоўнасць да развіцця адносін з Беларуссю, як гэта адбылося з іншымі партнёрамі ў рэгіёне, калі Беларусь будзе гатовая зрабіць неабходныя крокі.