Гадавы заробак Хэнлана складзе $170 тыс

11.07.2013 / 12:20

Гадавая зарплата Хэнлана на пасадзе галоўнага трэнера зборнай Беларусі складзе каля 170 тысяч даляраў. Пра гэта сёння на прэс-канферэнцыі паведаміў старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Яўген Ворсін.

«Гэта не з’яўляецца камерцыйнай таямніцай. Заробак Глена Хэнлана складзе ў межах 170 тысяч даляраў у год», — сказаў старшыня ФХРБ.

Кантракт Хэнлана ўступіў у дзеянне з 1 ліпеня і падпісаны на два гады, а пры выкананні абавязацельстваў можа быць пралангіраваны на тых жа ўмовах яшчэ на адзін год.

Акрамя таго, Глен Хэнлан распрацаваў і прадставіў праграму развіцця падрыхтоўкі нацыянальнай зборнай да чэмпіянату свету-2014. Згодна з умовамі кантракту, канадскі спецыяліст прыме ўдзел не толькі ў працы з нацыянальнай зборнай, але і ў падрыхтоўцы стратэгіі развіцця маладзёжнага і юнацкага хакея.

Чакаецца, што канадзец прыбудзе ў Мінск у канцы ліпеня — пачатку жніўня пасля канчатковага ўзгаднення праграмы падрыхтоўкі зборных каманд на сезон 2013/14.

Нагадаем, што Глен Хэнлан ужо кіраваў зборнай Беларусі і пад яго кіраўніцтвам быў дасягнуты лепшы вынік у гісторыі каманды на чэмпіянатах свету — 6-е месца ў 2006 годзе. Канадзец пакінуў Мінск у 2009 годзе, калі быў звольнены з пасады галоўнага трэнера мінскага «Дынама» і не пажадаў працягваць працу ў нацыянальнай камандзе.