Следчыя органы: Бацькі не білі ўсыноўленага Ваню Цімашэнку

11.07.2013 / 12:36

Упраўленне Следчага камітэта па Гомельскай вобласці завяршыла праверку і абвясціла яе вынікі па рэзананснай справе ўсыноўленага Вані Цімашэнкі. Ніякіх наўмысных дзеянняў з боку бацькоў па прычыненні цялесных пашкоджанняў хлопчыку не было, складу злачынства няма.
Траўму дзіця атрымала ў выніку няшчаснага выпадку — падзення з арэляў, заявіў 11 ліпеня на брыфінгу ў Гомелі старшы следчы следчага ўпраўлення УСК па Гомельскай вобласці Ігар Яцко.

Нагадаем, 22 мая суд Калінкавіцкага раёна задаволіў патрабаванне пракуратуры па спыненні бацькоўскіх паўнамоцтваў сям’і Цімашэнкі ў дачыненні да двухгадовага Вані і перадачы дзіцяці органам апекі. Суд адмяніў рашэнне пра ўсынаўленне хлопчыка. Іскавую заяву пра адмену ўсынаўлення падала ў суд пракуратура ў інтарэсах дзіцяці — бацькі недагледзелі хлопчыка, ён атрымаў траўму.

Грамадскасць даведалася пра Ваню Цімашэнку, нібыта збітага бацькамі (якія яго ўсынавілі), у сакавіку 2013 года.
Дзіця трапіла ў калінкавіцкую бальніцу з сур’ёзнымі траўмамі яшчэ ў студзені 2013 года, а ў сакавіку ў яго была паўторная шпіталізацыя. Хлопчык быў у цяжкім стане. У інтэрнэце з’явіўся ролік пра тое, што нібыта бацькі збілі дзіця.

Пасля адмены судом усынаўлення хлопчык знаходзіцца ў гомельскім Доме дзіцяці.