У Іванаўскім раёне відавочцы выратавалі з ахопленага агнём дома мужчыну

15.07.2013 / 17:48

У Іванаўскім раёне двое відавочцаў выратавалі з дома, які гарэў, 59-гадовага мужчыну. Пра гэта паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Машноў.

«Прыкладна ў 10 раніцы 14 ліпеня ў МНС паступіў званок аб пажары ў жылым доме ў вёсцы Дастоева Іванаўскага раёна. Да прыбыцця пажарных 39-гадовы мясцовы жыхар сумесна з 43-гадовым жыхаром Іванава ўзламалі ўваходныя дзверы і вынеслі з дома, які гарэў, ляжачага на падлозе гаспадара», — сказаў Машноў.

Пажар быў ліквідаваны за 23 хвіліны. Пацярпелы брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі з тэрмічнымі апёкамі 2-й і 3-й ступені (5% цела) верхняй часткі спіны дастаўлены ў Іванаўскую цэнтральную раённую бальніцу.

«У выніку пажару агнём знішчаны дах, пашкоджана перакрыццё, сцены і маёмасць. Як мяркуецца, прычынай узгарання стала неасцярожнасць пры курэнні гаспадаром дома», — дапоўніў Машноў.