Як пужаць «Эўропу»

Як кожны салідны гатэль, менская «Эўропа» мае мець свой прывід. Уявіў сябе, як бы мог праходзіць кастынг на заняцьце вакансіі. Фэльетон з блогу Лёліка Ушкіна

10.09.2007 / 14:34

Як кожны салідны гатэль менская «Еўропа» мае мець свой прывід. Уявіў сябе, як бы мог праходзіць кастынг на заняцце вакансіі.

Чыноўнік з аддзелу ідэалогіі: гэта і ёсць той пакой?

Галоўны інжынер: Так, спецыяльны пакой, дзе будуць адбывацца ўсякія паранармальныя рэчы. Тут будзе жыць прывід або фантом — абавязковая дэталь кожнага саліднага гатэлю на Захадзе. Канцэпцыя ў тым, што прывіды гэта быццам душы тых пастаяльцаў, якія таямнічым вобразам загнуліся ў нашым гатэлю або на ягоным месцы. Ёсць некалькі жмурыкаў — кандыдатаў.

Чыноўнік з аддзелу ідэалогіі: Што ж давайце паглядзім? Таварышы фантомы, пужайце.

Галоўны інжынер: Кандыдат адзін — дзяўчынка пакаёўка. Легенда наступная: да рэвалюцыі яна служыла ў гатэлю, дзе багаты арыстакрат паабяцаўшы выйсці замуж скраў яго гонар. Натуральна кінуў. Цяжарная, яна ад сораму выкінулася з гэтага акну. Калі ласка, мадамуазель.

Па пакою праносіцца нейкая жаночая цень. Вакно нечакана адчыняецца. На сцяне з’яўляюцца крывавыя літары: «Каб ты здохъ».

Чыноўнік з аддзелу ідэалогіі: Усё? Вы, таварыш інжынер, ходзіце на палітінфармацыі? Дзяржава змагаецца за тое, каб няверныя бацькі поўнасцю аплачвалі ўтрыманне дзяцей, а Вы тут спяваеце асанну бацькоўскай безадказнасці. Ці ня можам мы перагуляць тэму? Скажам, на сцяне узнікае крывавы тэкст: «Даведка, дадзеная кіраўніцтвам ЛТП сп. арыстакрату ў тым, што поўнасцю аплаціў утрыманне ў інтэрнаце свайго сына».

Галоўны інжынер: наўрад атрымаецца.

Чыноўнік з аддзелу ідэалогіі: Я вам пакажу! Я на вас нашлю Ломаця! Я вас адпраўлю аграгарадкі падымаць! Давайце варыянт два.

Паўстае жудасная цішыня. Нечакана ў пакоі пачынае адчувацца моцны пах пладова — яблачнага віна. Гучыць нейкая мелодыя. Калі прыслухацца можна зразумець, што гэта мелодыя групы Doors. Раптам мелодыя абрываецца гукам разбітага шкла.

Галоўны інжынер: тэма наступная. Фрагментарна гатэль пабудаваны на месцы кафэ Пінгвін, дзе ў 70‑80‑ыя тусаваліся хіппі. Значыцца пад час аднаго фэсту, адзін чувак, накачаўшыся далбануў другога бутэлькай. Вось такая гісторыя.

Чыноўнік з аддзелу ідэалогіі: таварыш фантом, матэрыалізуйцесь, калі ласка.

Узнікае празрысты чэл з доўгімі валасамі.

Чыноўнік з аддзелу ідэалогіі: вы прабачце перад тыя як адкінуца, піва не пілі?

Фантом: дык за вуглом у цэнтральным чарнілы ж за 80 капеек.

Чыноўнік з аддзелу ідэалогіі: дзякуй, таварыш. Можаце знікнуць. Адстой, таварыш інжынер! Я б яшчэ зразумеў калі б гэтага маладога чалавека гікнулі, налізаўшыся піва айчыннай вытворчасці. Барацьба з імпартам. Набывайце беларускае! А тут нейкі каўказскі напой. Гэтак не пойдзе.

Галоўны інжынер: дык што рабіць?

Чыноўнік з аддзелу ідэалогіі: збірайце баул, таварыш. Дзяржава вам даверыла правесці конкурс на месца прывіду, а вы падабралі нейкіх маральных і ідэйна — варожых уродаў. Увогуле мяне здаецца, што той хіпарь на Вас падобны. Ён вам не плямяш, якога Вы вырашылі ўладкаваць на цёплае месца? Гатэлю патрэбны нармальны патрыятычны фантом. Панавыклікалі бог знае каго. Я на вас Ломаця спушчу, я…

Інжэнер б’е чыноўніка па башке мехам з цэментам. Той падае мёртвым.

Галоўны інжынер: нарэшце праблема прывіду вырашаная.

Лёлік Ушкін