Віктар Марціновіч: Раварысты, майце літасць!

14.08.2013 / 11:59

У Мінску — новы псіхоз. Увесь горад круціць педалі. Суб’ектыўнае адчуванне, што колькасць раварыстаў павялічвалася ў геаметрычнай прагрэсіі кожны год і дасягнула нарэшце крытычнай адзнакі.
На вуліцах пачалася вайна трох тыпаў рухомых аб’ектаў: аўтамабіляў, пешаходаў і ровараў. Фэйсбук падзелены на армію велааматараў і армію велафобаў. Я не хацеў бы адносіць сабе ні да адной з гэтых арміяў, бо час ад часу езджу я, час ад часу ездзяць па мне. Але, здаецца, самы час звярнуць увагу на спецыфіку беларускай велашызы.

У адрозненне ад джогінгу ў Амерыцы 80-х, захапленне роварамі не ёсць нечым выключна беларускім. У гэтым сэнсе не выпадае апісваць з’яву з пафасам, з якім той джогінг апісваў апошні вялікі філосаф сучаснасці Жан Бадрыяр у эсэ «Амерыка». Для Бадрыяра джогер — істота, якая з навушнікамі ад плэера бяжыць па Санта-Моніцы ў бок змяркання, — быў «вершнікам Апакаліпсісу», «постчалавекам», з якім немагчыма не тое што размаўляць, але і проста ўступаць у інтэракцыю. У яго збітае дыханне і алавяны позірк. Ён — увесь у сабе. Рытм ягонага пульсу болей важны, чым любая патрэба мінака.

У гэтым сэнсе беларускі велааматар — аб’ект, безумоўна, інтэрактыўны. Яго можна паспрабаваць спыніць — рух як такі для яго не ёсць абсалютнай каштоўнасцю.

Але, у адрозненне ад Бадрыяравага джогера, велааматар — істота небяспечная, бо звычайна рухаецца на хуткасці, дастатковай для таго, каб скалечыць. Уласна, як вакол джогера, так і вакол раварыста, лунае аўра тагасветнасці, метафізічнай адсутнасці. Ён — тут, але ён — і недзе там, у свеце, дзе рухі хуткія, а адказнасць за памылку — большая.

Заўважым: пры ўсёй сваёй інтэрнацыянальнасці мінскі «лісапедыст» адзначаны шэрагам выключна беларускіх адметнасцяў.

Першая і самая галоўная з якіх палягае ў тым, што хваля захаплення «велікамі» накрыла горад, які ЦАЛКАМ для гэтага не падрыхтаваны.

Так, Мінск ганарыцца сваёй веладарожкай. Так, нашую веладарожку хваляць нават замежнікі з краін з вялікім вопытам ровараманіі. АЛЕ! Давайце пагодзімся з тым, што гэтая веладарожка ёсць не што іншае, як гета.

Сутнасць любой дарогі — у тым, што яна злучае адзін патрэбны табе пункт з другім, таксама табе патрэбным. Мінская веладарожка мае прынцыпова іншую функцыю: яна запрашае мэтанакіравана ездзіць па сабе ўсіх, хто жадае скарыстацца роварам. Такім чынам, «педальная язда» не мысліцца ў Мінску нечым нармальным, не! Яна вымагае ў ідэале выхаду «на дарожку».

Сапраўды, шмат з якіх месцаў Мінска да тае дарожкі можна дабрацца даволі хутка. Але ці гэта нармальна? Калі мы лічым пешы шпацыр заняткам нармальным, канвенцыйным, хіба мы будзем прапаноўваць грамадзянам ісці некуды наўмысна дзеля таго, каб там пахадзіць? Ці лагічна гэта? Адразу згадваецца сталіца Рэспублікі Саюз М’янма, горад Ніпіто, які прызначаны выключна для таго, каб па ім ездзілі ўрадавыя картэжы. А таму там проста… няма тратуараў! Так і з мінскай велакультурай!

Усе еўрапейскія гарады маюць не адну веладарожку, а сталыя зоны для велааматараў уздоўж асноўных маршрутаў транспарту. Так, гэтыя зоны не такія раскошныя, як наш велагонар, але яны ёсць. Калі ты хочаш дабрацца з Гедыміна да Антокалі ў Вільні, ты гэта зробіш, не ўкліньваючыся ў плынь машын на праезнай частцы і не пужаючы пешаходаў хуткім рухам па тратуары.

Што маем у Мінску? Дзве катэгорыі велааматараў. «Навайсы», якія ездзяць па той дарожцы, і «бывалыя», якія на летні час адмаўляюцца ад уласных аўто і стала рушаць на працу на роварах. У такіх людзей у офісах звычайна ёсць душавыя (не магу сказаць, што я ім не зайздрошчу).

І вось траблы для суграмадзян пачынаюцца менавіта пры пераходзе з «зялёнай» катэгорыі ў «ветэранскую». Бо тут трэба ці то імчацца праз натоўп, ці то выязджаць пад колы машын. Акрамя веладарожкі ў Мінску ёсць літаральна некалькі маршрутаў, якія ўмоўна можна назваць cycle-friendly: пр. Незалежнасці, на прамежку ад ст. м. Кастрычніцкая да ст. м. Акадэмія навук, пр. Партызанскі, на прамежку ад Велазавода да ст.м. Аўтазаводская. І тое стала выдзеленай паласы пад рух ровару тут няма: яна то з’яўляецца, то знікае, так што імавернасць наляцець на пешахода яшчэ й павялічваецца (бо ты думаеш, што едзеш па паласе для ровараў, а пешаход пра гэта не ведае).

Вынік — пачынаецца міжвідавая барацьба, расце ўзаемная непрыязнасць. Калі вы зацяты раварыст і думаеце, што «ва ўсім вінаватыя пешаходы», мая вам парада. Паспрабуйце надзець навушнікі і прайсціся з плэерам у вушах уздоўж Незалежнасці, у прыватнасці ў раёне Свіслачы (там тратуары звужаюцца). Імавернасць, што на вас наляцяць са спіны — вельмі высокая. А калі і не наляцяць, то адчуванне, што за сантыметр ад цябе праносіцца нехта нячутны на вялікай хуткасці, пазбаўляе шпацыр камфорту, робіць заняткам напружным і непрыкольным. Калі вы, наадварот, ненавідзіце раварыстаў — паспрабуйце ўзяць напракат веландос на Вяснянцы і праехацца праз цэнтр. Пасля дзясятага пешахода, якога вы цудам аб’едзеце, вы зразумееце, пра якую «барацьбу» я кажу.

Да татальнай неўладкаванасці Мінска «пад ровар» можна дадаць яшчэ адзін нюанс. Праз тое, што ў нас адсутнічае сталая веласіпедная культура, шмат хто не мае ў галаве базавых правілаў паводзін на двух колах. Хэй, раварысты, колькі вам казаць: нельга праязджаць па «зебры» на зялёнае святло! Трэба спешвацца — гэта я ўжо як аўтааматар заклікаю! Гэта ж вашае жыццё і вашае здароўе!

Рэальны выпадак, які здарыўся са мной днямі на плошчы Перамогі: я ішоў па пешаходным пераходзе, мяне на вялікай хуткасці абмінуў раварыст злева, другі, такі ж спрытны, праляцеў справа і выкруціў руль, каб павярнуць на дарогу ля Лінгвістычнага. Яны з глухім грукатам сутыкнуліся акурат на праезнай частцы. Так ездзяць у В’етнаме — хутка, хаатычна і ва ўсе бакі адразу.

Здаецца, нешта падобнае да беларускага веларуху было на амерыканскіх дарогах у 1930-я, калі Форд нахерачыў шмат танных аўтамабіляў, а этыка (і прававыя нормы!) паводзін за стырном яшчэ не склаліся.

Але ведаеце, раму можна выправіць. І збітую ад моцнага сутыкнення «зорачку» замяніць. Можна, нарэшце, купіць новы ровар, калі папярэдні загінуў пад коламі джыпа. Аднак цела нам даецца раз і на ўсё жыццё, а некаторыя косткі не зрастаюцца да смерці. Давайце памятаць аб гэтым, рухаючыся праз cycle-unfriendly Мінск!