Прэс-сакратар мінскай міліцыі: «Затрымалі ні пра што? — Забудзьцеся інцыдэнт і не трымайце зла»

15.08.2013 / 12:44

Прэс-сакратар ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі правёў анлайн-канферэнцыю на сайце Tut.by. Адзін з чытачоў папрасіў пракаментаваць наступную сітуацыю.

Мінчук вырашыў зняць на тэлефон працэс затрымання міліцыянтамі п’янага чалавека. У выніку ў міліцыю забралі і яго. Пасля гадзіны знаходжання ў пастарунку без тлумачэння прычын, не даўшы магчымасць напісаць скаргу на затрыманне, яго адпусцілі.

«Ці прафесійна дзейнічалі ў дадзеным выпадку міліцыянты? З якога часу ў нас забаронена фатаграфаванне на вуліцах горада?» — запыталіся ў Аляксандра Ластоўскага.

Прэс-сакратар ГУУС Мінгарвыканкама адказаў, што падзяляе незадаволенасць чытача, аднак наконт далейшых магчымых дзеянняў у такіх выпадках параіў пакорлівасць:

«Мая вам парада — забудзьцеся гэты інцыдэнт, і не трымайце зла.
Усе мы бываем запальчывымі і незадаволенымі, але гэта не дае нам падстаў рабіцца жорсткімі. Давайце дараваць адзін аднаму крыўды і ня ўтойваць зла».

Nashaniva.com