Алесь Чайчыц: Любая свара паміж Лукашэнкам і Крамлём — на карысць Беларусі

29.08.2013 / 19:45

Крэмль — галоўны палітычны і эканамічны спонсар рэжыму Лукашэнкі.
Лукашэнка прыйшоў да ўлады як агент расейскага ўплыву, ажыцьцявіў пераварот у 1996 годзе пры непасярэдняй крамлёўскай падтрымцы, пабудаваў свой нібыта «эканамічны цуд» выключна на расейскіх датацыях. Расея — нязьменны адвакат лукашэнкаўскай дыктатуры на міжнароднай арэне.

Пакуль Крэмль корміць Лукашэнку, Лукашэнка будзе прэзыдэнтам.

Калі Крэмль перастане карміць Лукашэнку, у Беларусі будзе іншы прэзыдэнт:
альбо ў выніку рэвалюцыі і адстаўкі Лукашэнкі, альбо ў выніку дрэйфа Лукашэнкі на Захад — выбараў — пачэснай пэнсіі. А іншы прэзыдэнт — заўжды шанец на лепшае. Любая зьмена — лепш за гэты амаль дваццацігадовы статус-кво.
Я ня веру, што можа быць горш, чым цяпер:
калі з пасады прэзыдэнта зьнікае харызматычная асоба Лукашэнкі, гэта аўтаматычна рэзка падвышае статус усіх палітычных сілаў у краіне. Любы іншы прэзыдэнт — гэта апазыцыя ў парлямэнце і ў райсаветах па ўсёй краіне.

Ня веру, што Крэмль пайшоў бы на юрыдычны аншлюс краіны-члена ААН, пасадзіўшы прэзыдэнтам свайго сатрапа. Больш рэальная пагроза — расейскі рубель і захоп актываў. Але то ў самым горшым выпадку справы не незваротныя:

любы паважаючы сябе дэмакратычны беларускі ўрад проста абавязаны быў бы лічыць усе дзеяньні рэжыма Лукашэнкі ад 1996 года незаконнымі
і ўсе падпісаныя ім ад імя Рэспублікі Беларусь пагадненьні юрыдычна нядзейснымі без адмысловага рашэньня аб адваротным. Апроч таго, гэтым пагрозам можна аказваць рэальны супраціў. І ў любым выпадку гэта лепей, чым дадатковыя пяць (дзесяць? дваццаць?) гадоў кіраваньня Лукашэнкі — пры тым, што згаданыя рызыкі за гэтыя гады нікуды ня зьнікнуць.

Так што пастаноўка пытаньня «вы за Лукашэнку ці за Крэмль» — няправільная. Я за тое, каб яны ўшчэнт перасварыліся і адно аднаго зьелі.

Алесь Чайчыц, Масква