У жніўні ЗВР Беларусі скараціліся аж на $215 млн

06.09.2013 / 13:44

Па выніках жніўня золатавалютныя рэзервы Рэспублікі Беларусь па стандартах МВФ скараціліся на 214,9 млн. долараў ЗША і, паводле папярэдніх звестак, на 1 верасня 2013 года склалі 7 млрд. 712 млн. долараў ЗША ў эквіваленце.

Як растлумачылі ў Нацыянальным банку, на зніжэнне аб’ёму золатавалютных рэзерваў аказала ўплыў пагашэнне ўрадам і Нацбанкам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце ў поўным аб’ёме.

«Падтрыманню аб’ёму золатавалютных рэзерваў у жніўні гэтага года ў асноўным садзейнічаў рост цаны на золата на міжнародным рынку каштоўных металаў, а таксама размяшчэнне валютных аблігацый Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь на ўнутраным рынку краіны», — зазначылі ў Нацбанку.

У нацыянальным вызначэнні аб’ём золатавалютных рэзерваў скараціўся на 135 млн. долараў і на 1 верасня склаў 8 млрд. 430,4 млн. долараў ЗША ў эквіваленце.

Ад нацыянальнай методыкі вызначэння рэзерваў методыка вылічэння МВФ адрозніваецца тым, што пры падліку ЗВР улічваюцца толькі манетарнае золата і валютныя рэзервы ў свабодна канверсоўных валютах замежных дзяржаў.