Удзельнікаў акцыі памяці памерлага ў СІЗА Ігара Пцічкіна чакае суд, у тым ліку цяжарную сястру
абноўлена ў 19.41
14.09.2013 / 19:41
Сёння ў Мінску каля турмы на Валадарскага мелася прайсці акцыі памяці памерлага ў СІЗА Ігара Пцічкіна.
Сваякі сабраліся на Нямізе і рушылі ў бок турмы. На рагу Гарадскога валу і Нямігі да ўдзельнікаў акцыі пад’ехаў сіні мікрааўтобус з нумар 9427 IK7.
Затрымалі ўдзельнікаў акцыі, а таксама карэспандэнта Свабоды Алега Груздзіловіча і журналістаў «Нашай Нівы» Ірыну Арахоўскую і Ганну Бадзяку, паведамляе Радыё Свабода.
Усіх адвезлі ў Цэнтральнае РУУС.
А 16-й гадзіне усіх затрыманых журналістаў выпусцілі пры садзейнічанні прэс-сакратара ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандра Ластоўскага, які прыехаў у РУУС.
Удзельнікі акцыі засталіся (Ігар Кавалёў, Ірына Мірановіч(сястра Ігара, яна цяжарная на 9-м месяцы), Аляксандр Гаўрыш, Віктар Катлянік, Сяргей Яўменаў - родны брат Пцічкіна. Праз нейкі час Ірыну Мірановіч выпусцілі.
У журналістаў узялі адбіткі пальцаў, фота і відэа матэрыялы выдалілі.
У дачыненні да астатніх праведзены адміністрацыйныя працэдуры.
Ірына Мірановіч, якая знаходзіцца на дзявятым месяцы цяжарнасці, была адпушчаная з міліцыі. Ёй уручылі позву, якая прадпісвае з'явіцца 16 верасня ў суд Цэнтральнага раёна. Астатнія ўсё яшчэ застаюцца ў міліцыі. Не выключана, што яны будуць заставацца пад вартай да суда, паведамляе БелаПАН.
Таксама праваабаронцы паведамілі пра затрыманне сёння ў Мінску Андрэя Бандарэнкі, кіраўніка прыватнага культурна-асветніцкай установы "Платформы інавейшн", якая аказвала дапамогу сваякам Пцічкіна. Ён таксама меў намер прыняць удзел у памінальнай акцыі каля СІЗА. Бандарэнку даставілі ў Маскоўскае РУУС.
Нагадаем, што 21-гадовы Ігар Пцічкін мусіў адбыць у СІЗА на Валадарскага трохмесячны арышт: сеў за руль аўто, хаця быў пазбаўлены правоў.
30 ліпеня ён прыехаў у Заводскае РУУС Мінска, каб адбыць пакаранне і затым быў дастаўлены ў СІЗА № 1 на Валадарскага. 4 жніўня Пцічкін памёр.
На сустрэчы з начальнікам СІЗА родным хлопца паведамілі, што ў Ігара 3 жніўня пачалося «псіхаматорнае ўзбуджэнне». І яго змясцілі ў медыцынскую часць, «дзе давялося фіксаваць яго мяккімі рамянямі». На фатаздымках трупа Пцічкіна заўважныя шматлікія сінякі. Фоты выкладзеныя ў агульны доступ у суполцы Укантакце.
Афіцыйная прычына смерці Пцічкіна пакуль не называецца. Працягваюцца экспертызы.