Аксана Кавалеўская: Сённяшнія «Краскі» ездзяць і адкрываюць рот пад мой голас

Што стала з мегапапулярнай спявачкай? Разбіраўся Юрась Ускоў.

19.09.2013 / 01:21

«Ты уже взрослый, ты больше не любішь группу «Краскі» — калі вы гэтага не чулі гэты поп-хіт, то дакладна не жылі ў Беларусі ў «нулявыя».

Мінскі гурт «Краскі» з вакалісткай Аксанай Кавалеўскай быў як вірус: яны на кароткі час выбілі з поля такіх класікаў жанру, як «Тату» і «Рукі вверх!».

Іх знікненне з беларускай сцэны было такім жа імклівым: увесну 2003-га ў офіс «Красак» урываецца АМОН, адбываецца вобшук і затрыманні, звязаныя з абвінавачаннем у вымагальніцтве. Паводле словаў прадзюсара гурту, той выпадак здарыўся пасля таго, як музыкі знайшлі ў дзяржаўнай краме пірацкі дыск са сваімі песнямі і выставілі прэтэнзіі яе дырэктару.

«Краскі» перанеслі дзейнасць за мяжу, не перастаючы нараджаць легенды: па Расіі ездзілі іх двайнікі, на выбарах 2006-га гурт падтрымаў Аляксандра Мілінкевіча, а песню «Мама, я палюбіла бандыта» скапіявала ў «Красак» Брытні Спірс…

Што тут праўда, што мана? «Наша Ніва» адшукала Аксану Кавалеўскую праз дзесяць гадоў. Аўтарскі стыль адказаў захаваны.

«Наша Ніва»: У 2006-м вы сышлі з «Красак». Чаму?

Аксана Кавалеўская: Я і ёсць гурт «Краскі». Як я магла сысці, калі дагэтуль езджу на гастролі досыць паспяхова! Але паралельна запісваю новыя песні пад імем і прозвішчам Аксана Кавалеўская, прашу заўважыць — маім сапраўдным імем, а то некаторыя кажуць, што гэта не маё імя (усміхаецца). У 2009 годзе я скончыла выступаць пад назвай «Краскі».

Тое, што пішуць і кажуць новыя салісткі гурту — гэта проста людзі хочуць зарабіць грошы на тых прыўкрасных і цудоўных песнях. На жаль, яны ездзяць і адкрываюць рот пад мой голас….

Вы ведаеце, я спачатку крыўдзілася, пасля змагалася, пасля перастала звяртаць увагу! Іду наперад, нягледзячы на ўсе паклёпы ў мой адрас!

НН: На пачатку «нулявых» расейскамоўных поп-гуртоў было шмат, як беларуская каманда стала флагманам поп-руху Расіі?

АК: Мы з'явіліся ў патрэбны час, у патрэбным месцы. У Беларусі падобных гуртоў не было. І, павінна вам сказаць, поспех заўсёды знаходзіўся ўва мне. Я была своеасаблівым «паравозам», які заўсёды цягнуў за сабой вагончыкі. Аграмадная колькасць цеплыні і святла, якія я абавязана несці ў душы праз свой голас.

НН: Як стваралася песня «Ты уже взрослый»? Ці адразу вы ўбачылі яе хітовы патэнцыял?

АК: Я была перакананая ў яе поспеху, я верыла! Гэта рэальная гісторыя, а рэальныя гісторыі не могуць пакінуць людзей абыякавымі!

НН: Чаму ў выніку абралі расійскі рынак?

АК: Хутчэй, ён мяне выбраў. Не б'юся за месца ў Маскве, неяк усё само сабой атрымалася. Відаць, узровень узяў сваё.

НН: Магчыма, гэта звязана з тым, што ў Беларусі пасля 2003-га Вы не можаце выступаць? Што тады адбылося?

АК: Не люблю брудны піяр, не люблю хлусню… Таму з некаторымі калегамі давялося развітацца. Наконт гэтай гісторыі ўсё дзіўна.

Проста наш паважаны прэзідэнт сказаў, што мала беларускай музыкі і ўказаў у назвах: «Што за «Краскі», «Tату»…» Гэта ад недасведчанасці. Гэта маё меркаванне. Не верце чуткам.

[Раней у спявачкі была іншая версія. «У краіне, дзе змагаюцца розныя палітычныя сілы, магчыма ўсё, — казала Аксана ў 2006-м «Комсомольской правде». — У маштабах Беларусі наш гурт мега-папулярны. Улада хацела, каб я працавала на яе. Але я не пайшла на гэтую змову. Незалежнасць мне даражэйшая». — НН]

НН: Таму на выбарах 2006 года вы падтрымалі Аляксандра Мілінкевіча?

АК: На вялікі жаль, але да шчасця — гэта няпраўда.

Я заўжды падтрымлівала Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Тое, як мяне імкнуліся выставіць, было толькі піяр-ходам, абсалютна не ўзгодненым са мной асабіста!

[Нагадаем, напярэдадні выбараў гурт распаўсюдзіў зварот да адзінага кандыдата ад апазіцыі: «Мы не па чутках ведаем, што такое рэжым Лукашэнкі. Мы вымушаныя былі збегчы спачатку ў Германію, потым у Расію, а потым у ЗША. Але рэальнасць больш жорсткая, чым нам бы таго хацелася, і ўся надзея цяпер толькі на Вас і нашу супольную перамогу!» — НН]

НН: У 2005 годзе гурт арыштавалі ў аэрапорце ў Германіі, што здарылася тады?

АК: Гэта звязана з тым, што дзве кампаніі-канкурэнткі не змаглі дамовіцца паміж сабой наконт правядзення гастроляў, устаўлялі палкі ў колы адзін аднаму, у выніку цярпелі артысты.

НН: Вы ўдзельнічалі ў трыб’юце гурту N.R. M. Чым запомніўся гэты запіс?

АК: Мне падабаецца гэты калектыў. Прапанова, якую я ад іх атрымала, мяне ўзрадавала. Я з радасцю ўзялася спяваць песню «Тры чарапахі».

НН: Праўда, што вашу песню скрала Брытні Спірс?

АК: Брытні Спірс?! Гэта выдумкі! Такія вялікія артысты ўвогуле не ведаюць слова «крадзеж».

НН: Як часта вы бываеце ў Беларусі?

АК: У Любімай Беларусі я досыць часта — два тыдні на месяц. Тут усё маё жыццё. Мае дзеці. Мае бацькі. Мае браты. Мой РАЙ, можна сказаць.

Гутарыў Юрась Ускоў