Чума свіней на Ваўкавышчыне: райвыканкам не прызнае, ветстанцыя пацвердзіла
20.09.2013 / 18:29
У Ваўкавыскім раёне зафіксавалі выпадак захворвання АЧС, паведамляе сайт volkovysk.by.
Па інфармацыі сайта, гаворка пра ферму племзавода «Рось» у вёсцы Данілаўцы. Нібыта інфекцыю занеслі разам з саломай з поля, дзе знайшлі труп дзіка.
Пра ўспышку АЧС у Данілаўцах паведамляе таксама сайт bchd.info. Па інфармацыі сайта, атрыманай ад мясцовага жыхара, на племзаводзе выразалі ўсіх свіней.
Сайт Ваўкавыскага райвыканкама абвяргае інфармацыю пра ўспышку афрыканскай чумы свіней на тэрыторыі раёна.
У той жа час, сайт «Еўрарадыё» атрымаў пацверджанне факту ўспышкі АЧС у раённай ветстанцыі. Ад шырокіх каментароў там адмовіліся.
Ваўкавыскі раён мяжуе з Бераставіцкім, Зэльвенскім, Мастоўскім і Свіслацкім раёнамі ў межах Гродзенскай вобласці і з Пружанскім раёнам Брэсцкай вобласці.