Блогер d-zholik: У Службе бяспекі прэзідэнта працуе не менш за 680 чалавек
А супрацоўнікаў КДБ -- лічба, не меншая за 3000 чалавек.
20.09.2013 / 19:55
Каманда службы аховы Лукашэнкі ў Ялце на міжнародных спаборніцтвах, верасень, 2012. Фота news24ua.com.
Блогер d-zholik надрукаваў лічбы колькасці супрацоўнікаў розных сілавых структур Беларусі, членаў спартовага таварыства «Дынама». Блогер лічыць: «У нас у краіне ўсё робіцца ў добраахвотна-прымусова, таму ў БФСТ уступілі практычна 100% кадравага складу сілавых ведамстваў».
Лічбы не свежыя, з 2005 года. За гады час сілавыя ведамствы маглі павялічыцца ў колькасць.
Паводле членства ў БФСТ «Дынама», у КДБ працуе не меней за 3 тысячы чалавек. Узгадваецца, што аднойчы Лукашэнка сказаў пра 12 тысяч «чэкістаў».
Магчыма, ён меў на ўвазе камітэтчыкаў і памежнікаў разам (пагранцы ў савецкі час уваходзілі ў структуру КДБ), плюс іншыя спецслужбы. Памежнікаў 6 тысяч.
Уражвае колькасць супрацоўнікаў Службы бяспекі прэзідэнта — у 2005 годзе ў «Дынама» іх было 680 чалавек. Не нашмат меней, чым у КДБ. D-zholik робіць выснову, што за гэты час колькасць магла ўзрасці: праз палітычныя працэсы, тэракты, а таксама з’яўленне малодшага сына ў Лукашэнкі.
У МУС налічваецца 44 тысячы чалавек. Анансаванае скарачэнне ў сілавікоў, мабыць, якраз найперш і датычыць міліцыянераў. Пра звольненых кадэбістаў пакуль нічога не чуваць.
У фінансавай міліцыі ў шэрагах БФСТ «Дынама» налічваецца 700 чалавек, у Мытнага камітэта — 4 тысячы, у МНС — 13 тысяч.
Варта адзначыць, што сярод прыведзеных лічбаў няма колькасць супрацоўнікаў Генпракуратуры, а таксама новаўтвораных ведамстваў — Следчага камітэта, ААЦ і Камітэта судовых экспертыз.