БЧ адкрые рэгулярны рух электрацягнікоў Мінск — Жлобін з 29 верасня
24.09.2013 / 09:25
Беларуская чыгунка адкрые рэгулярны рух электрацягнікоў рэгіянальных ліній на ўчастку Мінск -- Жлобін 29 верасня.
Па маршруце Мінск — Жлобін — Мінск будзе кожны дзень курсіраваць цягнік рэгіянальных ліній бізнес-класа №815/816.
Са Жлобіна ён будзе адпраўляцца ў 06:08 і прыбываць у сталіцу ў 08:47. Час яго адпраўлення з Мінска — 17:30, прыбыцця ў Жлобін — 20:10.
Адлегласць ад Мінска да Жлобіна цягнік рэгіянальных ліній бізнес-класа будзе пераадольваць у сярэднім за 2 гадзіны 40 мінут.
У дарозе прадугледжана ўсяго тры прыпынкі — Асіповічы, Бабруйск і Чырвоны Бераг.
Акрамя таго, па гэтым маршруце будуць кожны дзень курсіраваць электрацягнікі рэгіянальных ліній эканом-класа.
"Пасля завяршэння рэканструкцыі інфраструктуры на ўчастку Мінск - Рудзенск колькасць электрацягнікоў і час іх знаходжання ў дарозе на ўчастку Мінск — Жлобін будуць скарэктаваныя", — адзначылі ў прэс-службе, дадаўшы, што расклад руху электрацягнікоў будзе размешчаны на сайце Беларускай чыгункі і інфармацыйных стэндах вакзалаў і станцый.
Арганізацыя руху цягнікоў на электрацязе ад беларускай сталіцы да Жлобіна стала магчымай дзякуючы электрыфікацыі ўчастка Асіповічы — Жлобін, які плануецца адкрыць 28 верасня гэтага года.