Базавая велічыня з 1 кастрычніка павышаецца да 130 тыс. рублёў

27.09.2013 / 14:22

У Беларусі базавая велічыня з 1 кастрычніка вырасце на Br30 тыс. і складзе 130 тыс. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў № 842 ад 26 верасня 2013 г.

Мінулы раз базавая велічыня была павялічана 1 красавіка 2012 г.. Тады яна вырасла з Br35 тыс. да Br100 тыс.

Базавая велічыня — гэта эканамічны паказчык, які вызначае абстрактную каштоўнасць пакупніцкай здольнасці грошай, не звязаную з ацэнкай якіх-небудзь канкрэтных матэрыяльных або нематэрыяльных выгод.

Базавая велічыня была ўведзена ў Беларусі з 2002 г., прымяняецца для вылічэння многіх паказчыкаў і нарматываў у сферы працоўных зносін, вызначае памер штрафаў і пошлін.