У «доме Чыжа» жыве толькі адна сям’я
Іншыя ўласнікі плацяць за пустыя пэнтхаусы па 4 мільёны рублёў штомесяц.
28.09.2013 / 12:11
Газета «Рэспубліка» вырашыла знайсці мінчукоў, якія плацяць самую вялікую квартплату ў горадзе.
Нібыта самую вялікую жыроўку — 2,6 мільёна рублёў — у Мінску атрымала пенсіянерка з вуліцы Аэрафлоцкай, якая забылася ўсталяваць лічыльнікі на газ.
Аднак цікава не гэта. Журналісты «Рэспублікі» пішуць, што перш-наперш патэлефанавалі ў таварыства ўласнікаў дома «Ля Траецкага».
Там ім адказалі, што
ў элітным «доме Чыжа» пакуль жыве… ўсяго адна сям’я.
Гэтыя людзі валодаюць трыма зблакаванымі кватэрамі і нібыта плацяць у месяц 520 000 рублёў за камунальныя паслугі. Сума параўнальна невялікая, бо ў іх пакуль падлучаныя «не ўсе паслугі і разумныя сістэмы».
Інфармацыя на конт квартплаты ў «доме Чыжа» пададзеная не зусім некарэктна.
Незалежна ад таго, ці засяляліся жыльцы дома, ім выстаўляецца рахунак за тэхнічнае абслугоўванне дома.
У васьміпакаёвых пэнтхаусах гэтая сума дасягае 4 мільёны рублёў штомесяц.
А вось непасрэдна за камунальныя паслугі большасць жыльцоў насамрэч не плацяць, бо ні вадой, ні электрычнасцю не карыстаюцца. Напэўна, менавіта гэта і мелі на ўвазе прадстаўнікі ТУ «Ля Траецкага».
Пабачыць на свае вочы, што ў элітным доме амаль ніхто не жыве, можа любы ахвотны.
Дастаткова ўвечары паглядзець на вокны «Ля Траецкага». Звычайна святло гарыць у 1–2 кватэрах.
* * *
Пра жыльцоў «дома Чыжа» «Наша Ніва» пісала нядаўна:
Мільён за кватэру. Жыхары гаргары Чыжа: хто яны?