Лукашэнка пра дэвальвацыю: Нашы негадзяі, «свядомыя», плявузгаюць языкамі ў СМІ і могуць да яе прывесці
Будучыня рубля залежыць ад паводзін прадпрыемстваў і народа, сказаў ён.
28.09.2013 / 16:39
Пытанне дэвальвацыі нацыянальнай валюты сёння не стаіць, — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў Жлобіне, адказваючы на пытанні журналістаў.
«Навошта ставіць задачу абясцэніць, дэвальваваць нацыянальную валюту? Напэўна, ніводны кіраўнік такой задачы перад сабой не ставіць. Наадварот, нам трэба ад яе сысці», — сказаў ён.
Лукашэнка нагадаў, што ўжо казаў, што ў краіне не будзе штучна падтрымлівацца беларускі рубель, як і іншыя валюты ў выпадку ўмацавання беларускага рубля. Паводле яго слоў, усё будзе залежаць ад попыту і прапановы.
Ён заўважыў, што гэтая праблема цалкам знаходзіцца ў руках прадпрыемстваў і народа.
«Калі вы будзеце бегаць з раніцы да вечара па абменных пунктах і скупляць валюту, калі суб’екты гаспадарання і банкі будуць спаць і бачыць, што пройдзе дэвальвацыя, нехта на гэтым выйграе, будуць спараджацца чаканні, а нашы негадзяі, "свядомыя", якія "плявузгаюць" языкамі ва ўсіх СМІ, народ будуць падаграваць, а вы будзеце іх слухаць і зноў бегчы ў абменнікі — госпад вам у шлях, значыць, вы самі прывядзеце да таго, што аслабіце нацыянальную валюту», — сказаў ён.
«Будзе вялікі попыт на валюту — будзе абясцэньвацца беларускі рубель, не будзе гэтага попыту — спакойная будзе сітуацыя, спакойна выйдзем з гэтага становішча», — сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дзяржава будзе выкарыстоўваць усе інструменты, каб не дапусціць рэзкіх ваганняў курса.