Улады рэзка ўзмацняюць кантроль за выпускам друкаванай і паліграфічнай прадукцыі

11.10.2013 / 07:28

У Беларусі ўнесены змяненні ў парадак вытворчасці друкаванай і паліграфічнай прадукцыі. Указ прэзідэнта № 456 ад 7 кастрычніка 2013 года апублікаваны на Нацыянальным прававым партале. 

З Палажэння аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці выдаляецца раздзел «Выдавецкая дзейнасць», а раздзел 38 «Паліграфічная дзейнасць» выкладаецца ў новай рэдакцыі. 

Паводле змяненняў, паліграфічнай дзейнасцю лічыцца «шматразовае (больш за адно) рэпрадуктаванне (перадрук) друкаванай прадукцыі, якая ажыццяўляецца пры дапамозе тэхнічных і тэхналагічных сродкаў, уключаючы дадрукарскі, друкарскі, пераплётна-брашуровачныя і аддзелачныя працэсы». 

Прадпрыемствы, якія ажыццяўляюць паліграфічную дзейнасць па вырабе газет, часопісаў, бюлетэняў і іншых відаў друкаваных сродкаў масавай інфармацыі на падставе спецыяльных дазволаў (ліцэнзій), абавязаныя да 1 снежня 2013 года «забяспечыць выкананне ліцэнзійных патрабаванняў і ўмоў, прадугледжаных сапраўдным указам, калі такія патрабаванні і ўмовы змяняюцца ў адносінах да ліцэнзійных патрабаванняў і ўмоў, вызначаных актамі заканадаўства, што дзейнічалі да 1 снежня 2013 года, і падаць ва ўказаны тэрмін інфармацыю пра забеспячэнне выканання ліцэнзійных патрабаванняў і ўмоў у орган па ліцэнзаванні». 

Прадпрыемствы з ліцэнзіяй на выпуск друкаванай прадукцыі (акрамя сродкаў масавай інфармацыі) маюць магчымасць працягваць сваю дзейнасць да заканчэння тэрміну дзеяння ліцэнзіі. 

Юрыдычныя асобы, на якія ўскладзеныя функцыі рэдакцыі сродкаў масавай інфармацыі, і замежныя арганізацыі, якія ажыццяўляюць дзейнасць у галіне вяшчання на дзень, калі гэты ўказ набудзе моц, мае права ажыццяўляць такую дзейнасць без спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) па 28 лютага 2014 года. Пры намеры ў далейшым ажыццяўляць гэту дзейнасць яны павінны да 1 сакавіка 2014 года атрымаць спецыяльны дазвол (ліцэнзію) у адпаведнасці з сапраўдным указам. 

Да ўнясення змяненняў у частцы паліграфічнай дзейнасці не патрабавалася ліцэнзіі для ажыццяўлення друкарскіх тэхналагічных працэсаў пры вытворчасці тэкстыльнай, электроннай, электратэхнічнай, гадзіннікавай, цацачнай прадукцыі, посуду, шпалер, упакоўкі; друку і (ці) нанясення маркіроўкі непасрэдна на ўпакоўку і (ці) прадукцыю ва ўсіх галінах прамысловасці; выпуску друкаванай прадукцыі з выкарыстаннем капіявальных апаратаў, прынтараў, плотараў, лічбавых дуплікатараў (рызографаў); дадрукарскіх, пераплётна-брашуровачных і аддзелачных працэсаў, якія выконваюцца асобна. 

У новай рэдакцыі артыкула «Паліграфічная дзейнасць» няма ніякіх згадак пра тое, што выкарыстанне прынтара, ксеракса ці іншых прылад у вызначаных як раней выпадках дазволена без ліцэнзіі Міністэрства інфармацыі.