Літоўскі пасол: Вільня зноў ёсць беларускім горадам

11.10.2013 / 10:59

Падчас адкрыцця ІІІ Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі ў Каўнасе, пасол Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус закрануў тэму літоўска-беларускіх адносін.

Ён нагадаў, што тавараабарот паміж Літвой і Беларуссю ў мінулым годзе дасягнуў мільярда еўра, а літоўскія інвестыцыі ў Магілёўскую зону свабоднага гандлю, дзе, дарэчы, вырабляецца мэбля для кампаніі IKEA, дасягнулі 100 млн нўра.

Таксама Ігнатавічус нагадаў, што ў мінулым годзе Літву наведалі 400 000 беларусаў, а колькасць выдадзеных візаў павялічылася на 40%.

«Усё больш і больш беларусаў наведваюць Літву. Я магу зноў назваць Вільню беларускім горадам, зразумела, трошкі ў іншым, чым у час Янкі Купалы, сэнсе. Але мы гатовыя вырашаць візавыя пытанні і спадзяемся, што такія падзеі, як гэты Кангрэс, дазволяць Літве зноў набыць для беларусаў важны сэнс у галіне культурнага абмену і іншых сферах жыцця», — сказаў ён.

Кірыла Хілько, Каўнас