Макс Корж збярэ поўную «Мінск-Арэну» 2 лістапада

16.10.2013 / 12:19

2 лістапада ў «Мінск-арэне» выступіць Макс Корж — малады беларускі выканаўца, які працуе на скрыжаванні поп- і рэп-музыкі.

Менавіта Макс Корж стане першым выканаўцам, які выступіць з сольным канцэртам на «Мінск-арэне», і найхутчэй, збярэ яе цалкам.

«Макс Корж прадаецца вельмі добра, - кажуць арганізатары канцэрта. – Пра колькасць прададзеных квіткоў мы казаць не можам, аднак гарантавана, што Корж збярэ «Мінск-арэну» цалкам, то бок на канцэрт прыйдзе 13 000 чалавек».

Паводле папярэдняй інфармацыі, наступны канцэрт Макса Каржа ў Мінску плануецца вясной,

па словах арганізатараў, пляцоўка будзе трохі менш за «Мінск-арэну», аднак не на шмат [гаротная Чыжоўка-арэна? -- НН].

Макс Корж і яго папулярнасць сталі сапраўдным феноменам на беларускай прасторы: не так даўно спявак — ураджэнец Лунінца — сабраў поўны «Палац спорту», а зараз актыўна гастралюе па замежжы.

ЮУ