Кіроўцу грузавіка, які забіў чатырох дактароў у машыне «хуткай», асудзілі на 7 гадоў

17.10.2013 / 10:45

Вынесены прысуд вінаватаму ў ДТЗ з машынай хуткай дапамогі ў Шумілінскім раёне. Ён асуджаны да сямі гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення і пазбаўлены права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем усімі відамі транспартных сродкаў, тэрмінам на пяць гадоў.

Пра гэта паведаміў БелТА намеснік начальніка аддзела па наглядзе за законнасцю судовых пастаноў па крымінальных справах пракуратуры Віцебскай вобласц, дзяржаўны абвінаваўца па гэтай крымінальнай справе Сяргей Селіханаў.

Падсудны асуджаны па ч.3 арт.317 КК Беларусі за парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіравала транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, смерць дзвюх і больш асоб. Абскардзіць прысуд ён можа ва ўстаноўленым парадку.

112.by

Рэзананснае ДТЗ адбылося 23 мая каля 8.15 у Шумілінскім раёне на 58-м кіламетры аўтадарогі Віцебск — Полацк — мяжа Латвіі.

У аўтамабіль хуткай дапамогі з пяццю медыкамі, што стаяў на ўзбочыне, ззаду ўрэзаўся гружаны аўтацягнік-цягач DAF.

У выніку аварыі загінулі чатыры чалавекі, адзін атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні.

Cярод загінулых былі загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення Полацкай Цэнтральнай гарадской бальніцы Наталля Гудкова, загадчыца кардыялагічнага аддзялення Полацкай ЦГБ Ірына Казачэнка, загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення амбулаторыі «Гром» Валянціна Ярмак, загадчыца Вараніцкай бальніцы сястрынскага дагляду Алена Асавік. Паведамлялася, што яны ехалі на канферэнцыю ў Віцебск.

У ходзе следства было ўстаноўлена, што кіроўца грузавіка парушыў патрабаванні адразу некалькіх пунктаў правілаў дарожнага руху: перавысіў хуткасны рэжым, парушыў дарожную разметку і адцягнуў увагу ад кіравання транспартным сродкам. У выніку ён перастаў кантраляваць дарожную абстаноўку ды здзейсніў ДТЗ.

Раней мужчына ўжо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнні правілаў дарожнага руху.