Былы міліцыянт абслугоўвае ў сваёй краме па-беларуску

У менскім гандлёвым цэнтры з зусім небеларускай назвай «Маскоўска-Венскі» працуе беларускамоўная кропка.

01.11.2013 / 16:25

Фота Юры Сідуна, Generation.by

Фота Юры Сідуна, Generation.by

Фота Юры Сідуна, Generation.by

Фота Юры Сідуна, Generation.by

Фота Юры Сідуна, Generation.by

У краме «Мой модны кут» можна набыць модную жаночую вопратку ад папулярных еўрапейскіх брэндаў і заадно пачуць ад усмешлівага дзядзі Валеры альбо яго жонкі Алены, ці пасуе табе спадніца, піша generation.by.

І менавіта «спадніца», а не «юбка». А калі яшчэ звярнуцца да прадаўца адразу па-беларуску, то можна атрымаць зніжку.

«Модны кут», што гандлюе жаночай адзежай пераважна ад H&M, існуе ўжо два гады. Але звяртацца да пакупнікоў па-беларуску там пачалі не так даўно.

Саўладальнік крамы Валеры агулам лічыць сябе «двоечнікам» і не разумее, чаго гэта пра яго ўзяліся пісаць СМІ, маўляў, размаўляйце на роднай мове і будзеце знакамітымі.

Падштурхнула да беларускай Валерыя наведванне аднаго з сталічных рэстаранаў, які быццам бы і аформлены ў беларускім стылі, але ж па-беларуску ён ні слова не пачуў. Захацелася нешта змяніць. 

Рэакцыя кліентаў таксама нестандартная: хтосьці цягне з сабой дачку адмыслова, каб паслухаць мову, а бывае, нехта і скрывіцца. Такіх, аднак, не шмат. Кур’ёзаў, як і з любым беларускамоўным, таксама хапае.

«Бывае прыдуць: «Цо пан поляк?», бывае думаюць, што з Украіны. А нядаўна прыйшлі тры дзяўчынкі, нешта мераюць і пытаюць: «А вы адкуль?» — «З Беларусі». — «А вы хто?» — «Беларус». — «А чаго тады па-беларуску размаўляеце?»» — узгадвае у размове з Generation.by Валеры.

Валеры — аматар гісторыі, а раней працаваў у міліцыі. Цяпер, пакуль няма пакупнікоў, ён піша гістарычныя кнігі. Адна з іх — гістарычны каляндар.

На кожны з 365 дзён ён склаў спіс значных для гісторыі Беларусі падзей. У планах — дапісаць пагадавую гісторыю Беларусі і кнігу пра кіраўнікоў ад Рагвалода да Лукашэнкі, а яшчэ зрабіць сапраўдны музей Сярэднявечча.

Акрамя імпартнай жаночай вопраткі, Валеры збіраецца прадаваць цішоткі, дзе ўверсе будзе намаляваны герб пэўнага беларускага горада, а ўнізе напісана: «Каго любіш? Люблю Беларусь». Пакуль Валер дзяліўся планамі, у госці зайшоў Ілля з крамы абутку насупраць.

«У нас такі тут закуточак беларускамоўны, — усміхаецца Ілля. — Мы паміж сабой дамовіліся ў свой час размаўляць, і мне вельмі падабаецца. У мяне, між іншым, таксама беларускамоўным зніжкі».

У «Моднага кута» ёсць яшчэ адзін павільён у ГЦ «Тытан», дзе сціплая прадавачка Ангеліна таксама сустракае па-беларуску. Бізнесовец кажа, што як будзе яшчэ браць новую супрацоўніцу, то ў першую чаргу будзе глядзець на валоданне беларускай мовай.

«Не падабаецца камусьці — ну развярнуўся і пайшоў. Далібог, іншыя прыйдуць. Затое я застаюся беларусам».