32-гадовы каталіцкі святар загінуў у ДТЗ пад Івянцом
абноўлена
05.11.2013 / 10:21
grodnensis.by
У ДТЗ пад Івянцом (Валожынскі раён) загінуў 32-гадовы святар касцёла Святога Міхаіла.
Аварыя адбылася ўвечары 4 лістапада а 19-й гадзіне на 30 кіламетры трасы Івянец — Сівіца — Белакорац.
«У тым месцы, дзе адбылася аварыя, дарога рэзка ідзе на закругленне ўправа. Кіроўца перад гэтым здзяйсняў абгон і, хутчэй за ўсё, перавысіў хуткасць. Ён не справіўся з кіраваннем і з’ехаў у кювет. Там аўтамабіль «Опель» ўдарыўся ў дрэва. Ад атрыманых траўмаў кіроўца памёр на месцы. Загінуўшы быў святаром, мяркуецца, што ён ехаў са службы, бо быў апрануты ў рызу», − распавёў "Рэгіянальнай газеце" інспектар дзяжурна-патрульнай службы Валожынскай дзяржаўтаінспекцыі Андрэй Бобрык.
Па інфармацыі «Нашай Нивы», імя ксяндза Андрэй Ахрэм. Ён нарадзіўся ў Вілейцы, там цяпер жывуць ягоныя бацькі. З 2005 па 2012 праходзіў фармацыю і навуку пры ордэне айцоў францішканаў у Лодзі (Польшча). Сёлета Андрэя Ахрэма высвяцілі ў ксяндзы. Сваю першую службу ён адправіў у вілейскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа.
«Андрэй быў пасвечаны ў святары паўгода таму. Ён служыў у касцёле Св. Міхала Арханёла ў Івянцы. Учора Андрэй вяртаўся з вёскі Камень, дзе замяняў святара суседняй парафіі», — расказаў прэс-сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларус Юрый Санько.
Пахаванне ксяндза Андрэя Ахрэма адбудзецца ў пятніцу, 8 лістапада, у касцёле Св. Міхала Арханёла ў Івянцы. Пачатак службы а 13:00.